viasna on patreon

Беларусь далучылася да Канвенцыі аб правах інвалідаў

2015 2015-09-28T17:43:41+0300 2015-09-28T17:43:41+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/invalidnasc.jpg

Адпаведны ўказ № 401 падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 24 верасня і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Канвенцыя аб правах інвалідаў была прынятая Генеральнай асамблеяй ААН у 2006 годзе, і Беларусь заставалася адной з нямногіх еўрапейскіх краін, якія дагэтуль не падпісалі гэты дакумент.

Асветніцкая праваабарончая ўстанова "Офіс па правах людзей з інваліднасцю" ў адкрытым лісце назвала падпісанне канвенцыі "важнай, знакавай падзеяй, чаканай грамадскасцю на працягу апошніх васьмі гадоў". "Падзея, якая па сваёй значнасці стаіць у адным шэрагу з падпісаннем краінай буйнейшых міжнародных дагавораў па правах чалавека, уключаючы Стандартныя правілы забеспячэння роўных магчымасцяў для інвалідаў", — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце офіса.

Акрамя таго, праваабаронцы адзначылі, што падпісанне дакумента "можа мець беспрэцэдэнтныя па прагрэсіўнасці наступствы для ўсяго беларускага грамадства". Адзін з асноватворных прынцыпаў канвенцыі заключаецца ў тым, што асобы з інваліднасцю павінны "быць абароненыя ад любой дыскрымінацыі з боку як дзяржаўных, так і прыватных структур", адзначылі ў офісе. Дакумент таксама накладае на дзяржаву абавязацельствы рэгламентаваць дзейнасць прыватнага сектара, а таксама канкрэтызуе шэраг правоў чалавека, "зыходзячы менавіта з праблемы інваліднасці", што "дазваляе фарміраваць больш адэкватныя нацыянальныя і мясцовыя палітыкі інваліднасці".

У той жа час ва ўстанове адзначылі, што з моманту, калі набыў моц указ аб далучэнні да канвенцыі, міжнародны дакумент "яшчэ не мае ніякай юрыдычнай сілы". "Для таго каб канвенцыя набыла поўную юрыдычную сілу на тэрыторыі Беларусі, неабходна рэалізаваць як шэраг фармальных працэдур на міжнародным узроўні, так і істотных змястоўных змяненняў на нацыянальным узроўні", — растлумачылі ў офісе.

"Дзяржава становіцца ўдзельнікам канвенцыі і факультатыўнага пратакола шляхам падпісання і ратыфікацыі гэтых дакументаў і далучэння да іх. Падпісанне і ратыфікацыя канвенцыі з'яўляюцца папярэдняй і неабходнай умовай падпісання і ратыфікацыі пратакола. Дзяржава можа падпісаць толькі канвенцыю і адмовіцца ад падпісання факультатыўнага дагавора. Дзяржава павінна скласці дакумент аб ратыфікацыі, аб афіцыйным пацвярджэнні ці аб далучэнні, падпісаны кіраўніком дзяржавы, кіраўніком урада ці міністрам замежных спраў. Такім чынам, адрозніваецца міжнародная ратыфікацыя канвенцыі ад нацыянальнай", — падкрэслілі праваабаронцы.

У офісе таксама растлумачылі, што краіна можа далучыцца да канвенцыі з шэрагам агаворак, напрыклад, у частцы тэрміналогіі, за выключэннем несумяшчальных з прадметам і мэтай канвенцыі і факультатыўнага пратакола.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства