viasna on patreon

У Віцебску знішчылі графіці, за фатаграфаванне на фоне якога аштрафавалі журналістаў

2015 2015-10-07T15:08:35+0300 2015-10-07T15:29:11+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vicebsk-grafici-ptushki-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міліцыя і суд кваліфікавалі фотасесію-перформанс на фоне будынка з гэтым графіці як несанкцыянаваную акцыю. Але праваабаронца Павел Левінаў усе ж дамогся ад раённай адміністрацыі тлумачэнняў, што на падобныя дзеянні дазволу не патрэбна. І графіці проста знішчылі.

Знакамітае графіці "з птушкамі і клеткамі" на будынку зачыненага раённага дому культуры па вуліцы Ільінскага зафарбавалі – замест трох клетак, з якіх на волю вырываюцца птушкі з газеты, цяпер тры шэрыя плямы.

Віцяблянам заўжды падабаўся гэты малюнак, які ўвасабляў свабоду прэсы. І таму жыхары бліжэйшых дамоў з горыччу распавядалі журналістам, як на мінулым тыдні сюды пад'ехала машына з "вышкай", і графіці зафарбавалі. Закінуты будынак не папрыгажэў ад гэтага аніколькі, бо найбольш псуюць тутэйшы краявід не малюнкі, а кучы непрыбранага смецця каля былога РДК…

Знакамітым, а не проста вядомым графіці "з птушкамі і клеткамі" стала ў лістападзе мінулага года. Тады, напярэдадні акцыі салідарнасьці “Станем за журналістыку”, што ладзіцца з ініцыятывы Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў (МФЖ) і прысвячаюцца барацьбе журналістаў за іх правы, віцебскія сябры ГА БАЖ размясцілі ў Фэйсбуку сдымкі са сваёй фотасесіі- перформансу. Ідэя фотасэсіі заключалася ў тым, каб працягнуць тэму, узнятую мастаком-графіцістам. Журналісты і актывісты прыйшлі і сфатаграфаваліся тут з папяровымі клеткамі ды птушкамі-арыгамі, зробленымі з газеты.

Праз два тыдні щдзельнікаў фотасесіі адшукала міліцыя. На кожнага склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі – так расцаніў фотасесію маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў. А крыху пазней суд Чыгуначнага раёну Віцебска пакараў усіх, каго міліцыя пазнала па фотаздымках. Шасцёра журналістаў і актывістаў атрымалі штрафы памерам ад 18 да 25 базавых велічынь. А выпадковы мінак Пётр Берлінаў, які далучыўся да фатасесіі выпадкова, увогуле быў асуджаны на трое сутак арышту.

Гісторыя з судамі за фотаздымкі набыла шырокі грамадскі рэзананс, у тым ліку міжнародны. «Еўрапейская федэрацыя журналістаў» (IFJ) і ГА БАЖ выступілі з адкрытым лістом у падтрымку ўдзельнікаў фотасесіі. Прадстаўнікі IFJ правялі акцыю салідарнасці з віцебскімі калегамі — паўтарылі іх фотасесію ў Брусэлі,  трымаючы ў руках папяровыя птушкі і клеткі, а таксама шыльдачкі з надпісам «Хіба гэта злачынства?» У інтэрнэце пачалося абмеркаванне: ці насамрэч на фотасесію ў грамадскім месцы патрэбны дазвол мясцовых уладаў - як на пікет або мітынг, або гэта выдумка віцебскай міліцыі, даўно "неабыякавай" да незалежных журналістаў.

Праваабаронца Павел Левінаў, адзін з пакараных штрафам удзельнікаў фотасесіі, пачаў пісаць скаргі на рашэнні судоў, а таксама заявы ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну. Ён вырашыў афіцыйна папрасіць дазволу на фотасесію-перформанс каля графіці. Урэшце ў раённай адміністрацыі мусілі пагадзіцца, што перформанс – гэта акт мастацкай творчасці, і ён не падпадае пад дзеянне закона аб масавых мерапрыемствах, паволе якога ва ўладаў трэба прасіць дазволы.

Віцебскія журналісты і актывсты нават паспелі яшчэ раз сфатаграфавацца на фоне графіці. Праўда, пад пільным кантролем з боку міліцыі: асабіста маёр Рыбакоў, які летась складаў на ўдзелнікаў пратаколы пра правапарушэнне, цяпер здымаў фотасесію на відэакамеру…

Ці міліцыя вырашыла, што наяўнасць "ідэалагічна шкоднага графіці" надае лішняга клопату, ці асабліва небяспечным гэты малюнак палічылі перад выбарамі, але клеткі і птушкі зніклі пад слоем шэрай фарбы. Але ён аказаўся не такім ужо тлустым, каб знішчыць абрысы клетак і птушак, якія вырываюцца на волю праз краты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства