Спатрэбілася чатыры месяцы скаргаў, каб УУС Брэсцкага аблвыканкаму прызнала парушэнне закона з боку інспектара ДАІ
Вадзім Білібуха, сын адзінага ў Беларусі дэмакратычнага дэпутата сельвыканкама Валеры Білібухі, толькі ў выніку шматлікіх скаргаў дамогся, каб УУС Брэсцкага аблвыканкама прызнаў факт парушэння заканадаўства з боку інспектара ДАІ Бярозаўскага РАУС капітана міліцыі Івана Галая. Абласное упраўленне міліцыі таксама паведаміла, што інспектар ДАІ прыцягнуты да адказнасці, але не паведаміла – якой.
Канфлікт завязаўся на вуліцы Леніна горада Бярозы ў 2 гадзіны ночы чатыры месяцы таму. Капітан Галай спыніў машыну, у якой Вадзім ехаў за рулём чужой машыны, але гаспадар сядзеў побач. Спачатку Галай праверыў дакументы і багажнік машыны і спытаў: “Машыну, пэўна, украў?” Калі было сказана, што ў машыне знаходзіцца гаспадар, то супрацоўнік міліцыі дастаў алкатэстэр і прымусіў кіроўцу дыхаць у трубку алкатэстэра 5 ці 6 разоў. Пасля адмоўнага паказу алкатэстэра інспектар ДАІ сказаў, што ён у яго сапсаваны і павёз хлопца ў прыёмны пакой бальніцы для медычнага агляду. Але і там падцвердзілі, што Вадзім Білібуха цвярозы. Пасля гэтага Іван Галай прыгразіў, што Вадзім яму пакладзе правы на стол усё роўна.
Вадзім Білібуха напісаў скаргу, дзе прасіў правесці праверку па факту выезда інспектара ДАІ І.Галая на патруляванне з няспраўным алкатэстэрам, парушэнне ім парадку агляду, а таксама па факту пагрозы. Начальнік Бярозаўскага РАУС Андрэй Леанюк адказаў, што выкладзеныя В.Білібухай факты несапраўдныя, а алкатэстэр быў спраўны, паколькі месяц перад гэтым праходзіў праверку.
Атрымаць нават такі адказ з міліцыі было няпроста -- доўгі час на скаргу зусім нічога не адказавалі. Пасля настойлівых паўторных зваротаў цяпер ужо былы начальнік міліцыі Андрэй Леанюк напісаў, што адказ быў адпраўлены своечасова простым пісьмом, а чаму Вадзім Білібуха яго не атрымаў, ён не ведае.
Пасля гэтага спатрэбілася яшчэ 4 месяцы скаргаў у розныя інстанцыі: начальніку ДАІ Бярозаўскага РАУС, начальніку Бярозаўскага РАУС, у пракуратуру Бярозаўскага раёна, у камісію па абароне спажыўцоў, у Міністэрства ўнутраных спраў, пакуль усё ж УУС Брэсцкага аблвыканкама не прызнаў інспектара ДАІ Галая вінаватым у парушэнні патрабаванняў дзеючага заканадаўства. Але ў адказе УУС Брэсцкага аблвыканкама не сказана, які пункт заканадаўства парушыў капітан Галай і не ўдакладняецца, да якой адказнасці ён прыцягнуты.