Удзельнікі кастрычніцкіх акцый у Менску атрымліваюць позвы ў міліцыю і суды
Удзельнікаў акцый пратэсту, якія адбыліся ў Менску 10 і 11 кастрычніка, пачалі выклікаць у РУУСы і складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Адразу па дзве позвы атрымалі кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і пісьменнік Уладзімер Някляеў. Іх выклікаюць у РУУС Цэнтральнага і Савецкага раёнаў Мінска за акцыю "Шэсце нацыянальнага сцяга". Сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага таксама выклікаюць у Цэнтральны РАУС Менска для разгляду адміністратыўнага правапарушэння аб парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства.
Раней было вядома пра складанне пратаколаў за акцыю 11 кастрычніка на пяцёх актывістаў анархісцкага руху, якія правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, а таксама на ўдзельнікаў мастацкага перфомансу Юрыя Урсу і Яўгена Амелькава.
15 кастрычніка на Менскі завод колавых цягачоў, дзе працуе яшчэ адзін удзельнік акцыі 11 кастрычніка Артур Жук прыйшлі два міліцыянты ў цывільным, склалі пратакол і ўручылі позву на 16 кастрычніка ў суд Маскоўскага раёна. Справу пачнуць разглядаць у 14-30.
Артура Жука суддзя Тацяна Матыль аштрафавала на 4 базавыя велічыні, што складае 720 000 рублёў.
Радыё Свабода паведамляе, што 16 кастрычніка мусіць з'явіцца ў міліцыю Маскоўскага раёну літаратар Адам Глобус, які напярэдадні атрымаў адпаведную позву.
Позвы атрымалі таксама некаторыя іншыя актывісты, якія ўдзельнічалі ў шэсці і мітынгу 11 кастрычніка.
Нагадаем, што ў дзень правядзення акцыі 11 кастрычніка пратакол быў складзены на Рыгора Скарабнеўскага па арт. 23.34. КаАП РБ - удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.