У Баранавічах працягваецца судовы працэс над актывістам, які прыйшоў на працу ў паласатай робе
20 кастрычніка ў Баранавіцкім судзе прайшло другое паседжанне па справе Рыгора Грыка, абвінавачанага ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) пасля таго, як ён прыйшоў на працу 24 верасня ў паласатай робе.
У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння, які быў складзены без ведама актывіста, указваецца, што Рыгор Грык выказваў непавагу да грамадства і нецэнзурна лаяўся, на заўвагі на працоўным месцы не рэагаваў. Заяву ў міліцыю напісалі загадчыца крамы Вольга Борыс і яе намесніца Вольга Якубовіч, якія ў той дзень, калі Рыгор Грык прыйшоў на працу ў паласатай робе, ужо выклікалі міліцыю. Тады Грыгор Грык патлумачыў супрацоўнікам праваахоўным органаў, што ён спакойна выконвае свае абавязкі грузчыка, яго паласатая вопратка чыстая, а працоўнае спецадзенне яму не выдаюць ужо 2 гады. Тады міліцыя не ўбачыла ніякіх парушэнняў у дзеяннях Рыгора Грыка, і актывіст дапрацаваў поўную змену. Пазней высветлілася, што актывіст нібыта лаяўся матам пры наведвальніках і работніках крамы.
На першым судовым паседжанні, якое адбылося 15 кастрычніка, спадар Грык папрасіў даць час для азнаямлення з матэрыяламі справы, і такая магчымасць бла яму прадстаўлена, а судовае паседжанне перанесена на пазнейшы тэрмін.
Другое судовае паседжанне пачалося з хадайніцтва актывіста накіраваць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на дапрацоўку, паколькі там няправільна ўказаны яго імя, адукацыя і наогул ён быў складзены ў ягоную адсутнасць. Суддзя адмовіў у гэтым хадайніцтве, сказаўшы, што гэта ўсё паправіцца ў працесе разгляду справы. Пасля гэтага Рыгор Грык падаў другое хадайніцтва аб адводзе суддзі, чым выклікаў сапраўдны гнеў суддзі С. Данільчыка. Са словамі “Чаго тут выкабеньваешся?” суддзя запатрабаваў у сядзеўшага ў зале чалавека, што прыйшоў паслухаць справу, дакументы для праверкі. А другога прыйшоўшага з Грыкам прысутнага абазваў абражальным словам.
Пасля гэтага Р.Грык заявіў пра жаданне перанесці справу ў сувязі з тым, што яму патрэбен адвакат. Наступнае паседжанне было прызнвчана на 23 кастрычніка.
Рыгор Грык з сябрам напісалі скаргу на паводзіны суддзі ў кнізе скаргаў, дзе таксама актывіст напісаў аб сваім жаданні замяніць суддзю. Акрамя гэтага Грык пайшоў на прыём да старшыні суда і расказаў аб паводзінах суддзі Данільчыка і папрасіў замяніць яго, паколькі лічыць ягонае стаўленне перадузятым.