viasna on patreon

Алесь Міхалевіч працягвае заставацца ў статусе абвінавачанага

2015 2015-10-22T14:33:45+0300 2015-10-22T14:33:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mihalevich1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Экс-кандыдату ў прэзідэнты Беларусі Алесю Міхалевічу не ўдалося абскардзіць у пракуратуры адмову следчага ў спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Пра гэта паведамляе БелаПАН. 

Нагадаем, Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь 8 верасня праз чатыры з паловай гады эміграцыі ў Чэхіі, дзе атрымаў палітычны прытулак. Ён быў затрыманы беларускімі памежнікамі пры ўездзе з Літвы падчас пашпартнага кантролю як асоба, якая знаходзіцца ў нацыянальным вышуку. Міхалевіча перадалі міліцыі, але праз некалькі гадзін адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Вярнуўшыся на радзіму, Міхалевіч адразу ж падаў у Следчы камітэт па Мінску хадайніцтва аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы, якая ў адносінах да іншых фігурантаў ўжо закрытая. Аднак у задавальненні хадайніцтва яму адмоўлена. У афіцыйным паведамленні за подпісам следчага па асабліва важных справах упраўлення СК па Мінску Дзмітрыя Купкі гаварылася, што ў задавальненні хадайніцтва адмоўлена на падставе артыкулаў 36 і 137 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса. Першая дае следчаму права ўзбуджаць крымінальную справу і адмаўляць у яе ўзбуджэнні, а таксама спыняць і прыпыняць папярэдняе следства. Другі артыкул тычыцца тэрмінаў разгляду і дазволу хадайніцтваў.

Міхалевіч абскардзіў рашэнне следчага ў пракуратуры Мінска, аднак тая пераслала скаргу назад у Следчы камітэт, даручыўшы яму праверыць абгрунтаванасць адмовы. Пасля праверкі СК пацвердзіў законнасць дзеянняў следчага. Такім чынам, Алесь Міхалевіч працягвае заставацца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года.

Як паведаміў Міхалевіч БелаПАН, ён мае намер дамагацца закрыцця крымінальнай справы. Чарговая скарга будзе накіравана начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску.

Алесь Міхалевіч, як і большасць іншых кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года, быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19. лютага, 2011 яго адпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе, а 28-га ён арганізаваў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра катаванні ў СІЗА.

У сакавіку 2011 года Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта пагражаючай яму «рэальнай фізічнай расправай», і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Ужо за мяжой Міхалевіча некалькі разоў затрымлівалі як асобу, абвешчаную ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола. У ліпені 2012 года апазіцыйны палітык атрымаў афіцыйнае апавяшчэнне, што ён выключаны з цэнтральнай базы дадзеных Інтэрпола як асоба, што знаходзіцца ў вышуку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства