Праваабарончы праект “ГейБеларусь” зьмяніў назву
17 кастрычніка прайшоў справаздачна-выбарчы зьезд праекта “ГейБеларусь”, на якім абралі новае кіраўніцтва арганізацыі.
На зьезьдзе сябры арганізацыі абралі новую Раду, а старшынёй стала Натальля Манькоўская, якая зьмяніла на пасадзе Сяргея Андросенку (летась эміграваў у Швэцыю).
Галоўны вынік мерапрыемства — прыняцьцё рашэньня аб зьмене пазыцыянаваньня і перайменаваньні арганізацыі ў Беларускі праваабарончы цэнтар “Ідэнтычнасьць”.
Новая кіраўніца арганізацыі расказала, што да зьмены назвы яны ішлі ўжо некаторы час. Неўзабаве, пасьля рэбрэндынгу, цэнтар “Ідэнтычнасьць” зладзіць невялікую прэзэнтацыю арганізацыі і пакажа новы сайт.
— Зьмест дзейнасьці застанецца такім жа, то бок ЛГБТ — па-ранейшаму наша мэтавая група. Праўда, цяпер большую ўвагу цэнтар “Ідэнтычнасьць” будзе надаваць адвакацыйнай дзейнасьці, — паведаміла Натальля Манькоўская.
Беларускі праваабарончы цэнтар “Ідэнтычнасьць” зарэгістраваны ў Літве і зьяўляецца сябрам Асамблеі НДА Беларусі.