Праваабаронца Судаленка vs Мытня: 1:0
25 кастрычніка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці праваабаронцы Леаніда Судаленкі, супраць якога мытня распачала справу аб непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы. Два месяцы таму, 25 жніўня, супрацоўнікі мытні знялі праваабаронцу з цягніка «Вільня-Мінск», у прамым сэнсе – вынеслі на руках, каб правесці без дай прычыны асабісты дагляд. Потым яго ж мытня і спрабавала абвінаваціць у парушэнні заканадаўства – непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы (артыкул 23.4 КаАП). Але прадугледжаныя заканадаўствам два месяцы для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці прайшлі. 26 кастрычніка Леанід Судаленка накіраваў начальніку Гомельскай мытні заяву, у якой нагадвае пра п. 1 артыкулу 7.6 КаАП, згодна якому адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней за два месяцы са дня здзяйснення правапарушэння і таму просіць начальніка мытні вынесці адпаведную пастанову.
Падзеі ж развіваліся так. 25 жніўня праваабаронцу знялі з цягніка на станцыі «Маладзечна». Ужо потым мытнікі патлумачылі свае дзеянні пошукамі ў праваабаронцы «носьбітаў інфармацыі з экстрэмісцкім зместам». 17 верасня Леанід Судаленка атрымаў позву з'явіцца ў Гомельскую мытню, якая па даручэнні Мінскай рэгіянальнай мытні распачала ў дачыненні праваабаронцы адміністрацыйны працэс. У позве мытнікі напісалі, што выклікаюць жыхара Гомеля «у якасці асобы, якую прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці». Такой фармулёўкай мытнікі парушаюць прэзумпцыю невінаватасці, таму што юрыдычна пісьменна ў дадзеных выпадках выкарыстоўваецца фармулёўка «у якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Вінаватым жа чалавека можа прызнаць толькі суд. На такія, здавалася б, «дробязі», праваабаронца звярнуў увагу і напісаў адпаведную заяву ў транспартную пракуратуру. Пракурор вынес мытні папярэджанне.
23 верасня мытня склала нарэшце адпаведную заканадаўству позву, і Леанід Судаленка з'явіўся па ёй, і падаў 16 пісьмовых хадайніцтваў. Усе іх начальнік аддзелу мытных расследаванняў Гомельскай мытні пакінуў без разгляду. Праваабаронца звярнуўся ў суд са скаргай на тое, што хадайніцтвы былі пакінуты без разгляду. Тым часам у суд перадала матэрыялы і мытня – каб прыцягнуць Леаніда Судаленку да адказнасці «за непадпарадкаванне».
«Мая прававая пазіцыя ў тым, што патрабаванні прайсці асабісты дагляд былі незаконнымі, таму што артыкул 117 Мытнага кодэксу гаворыць аб тым, што асабісты дагляд – гэта выключная мера мытнага кантролю, і выкарыстоўваецца ён у тых выпадках, калі ёсць дастатковыя падставы меркаваць, што асоба хавае ці не выдае забароненыя для перамяшчэння праз мяжу рэчы. Мне ж мытнікі нічога не прапаноўвалі выдаць. Ну падышлі б і сказалі: Леанід Леанідавіч, скіньце з сябе ўвесь экстрэмізм, які вы перамяшчаеце праз мяжу», - пракаментаваў праваабаронца.
20 кастрычніка суддзя Аляксандр Піскуноў прыняў пастанову: накіраваць адміністрацыйную справы на дапрацоўку. 22 кастрычніка Леанід Судаленка кіраваўся ў аэрапорт, каб вылецець за мяжу, і атрымаў sms – маўляў, вам сёння трэба з'явіцца ў суд, што канечне не было магчыма фізічна. Потым выявілася, што sms было даслана не судом, а мытнікамі. Тыя ж прыйшлі ў суд і патрабавалі разгледзець справу без удзелу праваабаронцы, але суддзя адмовіўся гэта рабіць.
Праваабаронца нагадвае, што ён таксама падаў зыск у суд, каб спагнаць з мытнікаў маральную і матэрыяльную шкоду ў памеры 999 мільёнаў рублёў за такія дзеянні, як беспадстаўнае высаджванне з цягніка з прымяненнем фізічнай сілы і правядзенне асабістага дагляду. Леанід Судаленка мае падставы меркаваць, што неаднаразовыя перашкоды, якія чыняць яму з мытнікі ў тым, каб не даць спакойна вярнуцца з-за мяжы на Радзіму (праводзяць асабістыя дагляды, забіраюць тэхніку, носьбіты інфармацыі для праверкі) можна расцаніць як помсту за актыўную грамадзянскую і праваабарончую дзейнасць.