viasna on patreon

Мікалай Дзядок: Мой досвед камусьці патрэбны, значыць сядзеў не дарма

2015 2015-10-28T18:32:05+0300 2015-10-28T19:15:07+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikola_dziadok_egu_4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок (фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ )

Мікалай Дзядок (фота Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ )

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс, Літва) адбылася сустрэча з былым палітвязнем Мікалаем Дзядком. Паслухаць асабісты вопыт студэнта ЕГУ, які адсядзеў за кратамі ў Беларусі амаль 5 год, 27 кастрычніка прыйшлі навучэнцы ЕГУ, а таксама некаторыя з выкладчыкаў.

Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Дзяніс Кучынскі падзяліўся:

Як толькі мы, Студэнцкае прадстаўніцтва, даведаліся, што Мікола Дзядок аднавіўся як студэнт у нашым унівэрсітэце, адразу ўзнікла ідэя зрабіць з ім сустрэчу. Адзначу, што ў ЕГУ вельмі няпроста сабраць вялікую аўдыторыю на такога кшталту мерапрыемствы, аднак на сустрэчу з Міколам прыйшло каля 50 чалавек! З большага гэта былі студэнты з розных курсаў, а таксама некаторыя выкладчыкі, у прыватнасці выкладчыца-палітолаг Таццяна Чуліцкая і прафесар-эмірыт Ала Сакалова. Думаю, што большасць людзей прыйшла з прычыны пашаны да Міколы, з прычыны захаплення ягонай мужнасцю. Аднак некаторыя ведалі пра гісторыю палітвязня няшмат, таму для іх гэта было знаёмствам ня толькі з Міколам, але і з ягонай справай.

Падчас сустрэчы Мікалай Дзядок распавёў пра этапы жыцця арыштанта: ад ізалятара часовага ўтрымання да так званай крытай турмы. Таксама раскрыў адрозненні паміж рознымі месцамі утрымання зняволенных, напрыклад папраўчай калоніяй і турмой.

Мікалай Дзядок ужо актыўна ўключыўся ў студэнцкае жыццё і лічыць, што такія сустрэчы варта праводзіць:

“Для мяне такія сустрэчы карысныя тым, што я магу падзяліцца сваімі ідэямі, думкамі і турэмным досведам, распаўсюдзіць інфармацыю, якая ў нашым грамадстве невядомая. У выніку - адчуваю свой досвед запатрабаваным, а свае веды - камусьці патрэбнымі. Гэта значыць, у чарговы раз пераконваюся, што сядзеў не дарма.

А для ўдзельнікаў сустрэчы - гэта магчымасць даведацца аб рэчах, пра якіх не раскажуць па ТБ ці на мэйнстрымавых сайтах, пашырыць свае веды аб анархізме, анархістах, карнай сістэме і нюансах яе працы”.

Былы палітвязень адзначыў, што атмасфера сустрэчы ў ЕГУ была камфортная і сяброўская, што дапамагала выступоўцу не хвалявацца:

“Людзі, як мне падалося, слухалі ўважліва. Было адчуванне, што яны перажывалі тое, што я ім рапавядаў”.

“На сустрэчы амаль нічога новага для меня не было, таму што я ўважліва сачыў за жыццем Міколы за кратамі. На жаль, я не анархіст, але пакуты, перанесеныя ім, прымусілі мяне стаць яго паплечнікам не ў палітычным плане, а ў маральным”, - падзяліўся меркаваннямі адзін са студэнтаў ЕГУ, які прысутнічаў на сустрэчы, Аляксей Гарноська.

"Такія душэўныя, атмасферныя і шчырыя сустрэчы ў нас бываюць нячаста. Гэта акурат той момант, калі адчуваеш, што ва аўдыторыі лунае нейкі дух. Дух гуманнасці. Расказ Міколы крануў многіх з прысутных. Мне здаецца, нашая супольнасць адчула ў той момант кошт чалавечага жыцця, кошт чалавечай свабоды. І я прыватна вельмі ўсцешаны тым, што мы мелі такую магчымасьць. Спадзяюся, Мікола таксама атрымаў вялікую асалоду ад нашай сустрэчы", - падкрэсліў Дзяніс Кучынскі.

Нагадаем, Мікалай Дзядок быў узяты пад варту з 3 верасня 2010 года, асуджаны 27 траўня 2011 года судом Заводскага раёна Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рашэннем суду ад 5 снежня 2012 года ўмовы адбыцця пакарання яму былі змененыя на больш жорсткія - пераведзены з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва. У лістападзе 2014 года на вязня завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” і 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні. Да вызвалення адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №9 горада Горкі, дзе 42 сутак з 50-ці ён знаходзіўся ў ШІЗА «за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання» і «адмовы ад працы», пасля чаго быў пераведзены ў ПКТ. 22 жніўня выйшаў на волю паводле ўказа прэзідэнта аб памілаванні шасці палітвязняў.

Фота з суполкі Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ ў фэйсбуку. 

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства