Сям'ю Дубаносавых хочуць зрабіць неблаганадзейнай?
У мінулую пятніцу ў 11 гадзін раніцы ў дом грамадскага актывіста Леаніда Дубаносава прыехала аўтобусам цэлая дэлегацыя з Лунінца і Мікашэвіч. Склад дэлегацыі быў вельмі неспадзяваны: участковы інспектар мясцовага ГАУС, 2 дзіцячыя інспектары Лунінецкага РАУС, дырэктар Лунінецкага дзіцячага прытулка, сацыяльны педагог сш №1, куды ходзяць дзеці Дубаносавых - 9-гадовы Віталь і 12-гадовы Ілля, і супрацоўніцы Лунінецкага раённага аддзела адукацыі. У доме былі адны дзеці. Бацькоў -- Леаніда з Аленай -- дома не было, яны паехалі набываць на рынак зімовае адзенне для дзяцей.
Дэлегацыя з ганку агледзела дом, але хадзіць па пакоях не вырашылася без прысутнасці бацькоў. Распыталі дзяцей, дзе бацькі і як ім жывецца, і сышлі.
Метадыст Лунінецкага раённага аддзела адукацыі Ала Віктаровіч сказала, што яны ў гэты дзень наогул выяўлялі неблаганадзейныя сем’і. А да Дубаносавых заязджалі па загадзе начальства. Якога начальства, яна не ведае, маўляў, у школе лепш ведаюць. Разам з тым, сацыяльны педагог школы, дзе вучацца дзеці Дубаносавых, казала Леаніду, што па загадзе раённага начальства.
Леанід Дубаносаў вельмі здзіўлены, бо іх сям’я благанадзейная. Праўда, зараз яны з Аленай беспрацоўныя, але трымаюць вялізную гаспадарку. Дзяржава ўсё зрабіла для таго, каб актывіст з жонкай засталіся без працы. Леаніда звольнілі з мясцовага прадпрыемства “Граніт”, калі адмовіўся пакінуць па загаду начальства незалежны прафсаюз. Калі пайшоў кандыдатам у дэпутаты мясцовага гарсавета, страціла працу Алена, якая працавала старэйшым прадаўцом у прыватніка Аляксея Кацубы. Два гады доўжыліся суды і цяпер яшчэ павесілі на яе нібы растрату ў 35 мільёнаў.
Зараз дзяржава ўзгадала пра дзяцей. Леанід Дубаносаў чакае, што будзе далей і лічыць, што такім чынам аказваецца ціск на яго за актыўную грамадскую дзейнасць спачатку праз жонку, цяпер праз дзяцей.