viasna on patreon

У Круглым прайшоў чарговы “Дзень безаплатнай працы”

2015 2015-11-03T22:57:48+0300 2015-11-03T22:57:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kruglae-gorad.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Круглае Магілёўскай вобласці

Круглае Магілёўскай вобласці

У Круглянскім раёне 27 кастрычніка прайшоў чарговы “Дзень безаплатнай працы” на працоўных месцах. Згодна рашэння Круглянскага райвыканкама, усе працаўнікі раёна абавязаны пералічыць заробленыя ў гэты дзень грошы на адмысловы рахунак раённага выканаўчага камітэта.

Раённае газета “Сельскае жыццё” паведаміла, што райвыканкам прыняў рашэнне правесці ў Круглянскім раёне Дзень безаплатнай працы “па прапанове шэрагу мясцовых працоўных калектываў у мэтах прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванню, бягучаму рамонту аўтапаркоўкі, рамонту будынка дзіцячай кансультацыі райбальніцы, набыцця мэблі для дзіцячай кансультацыі УА “Круглянская раённая бальніца”.

Арганізацыям раёна рэкамендавана да 20 лістапада пералічыць грашовыя сродкі, зарабленыя ў Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах, у добраахвотным парадку на пазабюджэтны рахунак Круглянскага раённага выканаўчага камітэта.

Знайсці хоць аднаго прадстаўніка “шэрагу мясцовых працоўных калектываў”, якія ініцыявалі правядзенне гэтага добрааахвотнага мерапрыемства, пры гэтым аказалася немагчыма. Наадварот, жыхары Круглянскага раёна выказвалі сваё адмоўнае стаўленне да чарговай ініцыятывы мясцовых чыноўнікаў, якія прызвычаіліся вырашаць свае праблемы за кошт простых людзей, праводзячы шматлікія суботнікі і “дні безаплатнай працы” на працоўных месцах. У гэтым годзе ў Круглым восенню праходзілі абласныя “Дажынкі”, а да гэтага суботнікі ў раёне праводзіліся ледзь не кожны месяц. Таксама 25 лютага ў Круглянскім быў праведзены “Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах” згодна рашэння Круглянскага райвыканкама ў мэтах прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванні г. п. Круглае і ў сувязі з правядзеннем абласнога фестываля-кірмаша працаўнікоў вёскі “Дажынкі – 2015”, “па прапанове працоўных калектываў”. Тады Круглянскі райвыканкам таксама рэкамендаваў арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам да 10 сакавіка 2015 года пералічыць грашовыя сродкі, заробленыя ў Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах, “у дабраахвотным парадку на пазабюджэтны рахунак Круглянскага раённага выканаўчага камітэта, у межах сум, згодна дадатку”.

Жыхары Круглянскага раёна не разумеюць, чаму, асвоіўшы процьму грошай з дзяржбюджэту на правядзенне “Дажынак”, круглянскія чыноўнікі так і не змаглі давесці да патрэбнага ладу невялікі раён.

У Круглянскім раёне за апошнія гады перасталі працаваць льнозавод, маслазавод, хлебзавод, райспажыўсаюз, сельгасхімія, Ракушыцкая птушкафабрыка, цагляны завод, Круглянская школа-інтэрнат, рэарганізаваны шэраг калгасаў і саўгасаў. Адзінае прадпрыемства ў райцэнтры, якое раней стабільна працавала - мясцовае будаўнічае ПМК -266, - зараз перажывае вялікія цяжкасці ў сувязі з адсутнасцю патрэбнай колькасці замоваў на будаўніцтва.

Згодна інфармацыі круглянскіх статыстыкаў, намінальная налічаная заработная плата працаўнікоў раёна ў студзені-верасні 2015 г. склала 5 474 тыс. рублёў, у тым ліку ў верасні – 5 641,1 тыс. рублёў, і паменшылася ў параўнанні з жніўнем 2015 г. на 4,8%, альбо на 287,4 тыс. рублёў. Фыктычна ж шмат хто з жыхароў Круглянскага раёна, асабліва ў сельскай мясцовасці, атрымліваюць заробак, які ледзь перавышае два мільёны рублёў, і пры гэтым знайсці нейкае новае працоўнае месца ў Круглянскім раёне вельмі цяжка.

Тыя ж статыстыкі паведамляюць, што ў жніўні 2015 г. у эканоміцы Круглянскага раёна было занята 5,9 тыс чалавек, пры тым, што колькасць насельніцтва раёна на 1 кастрычніка 2015 г. складала 14,3 тыс. чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец верасня ў раёне склаў толькі 0,6% ад эканамічна актыўнага насельніцтва (на канец верасня 2014 г – 0,3%), затое колькасць так званых “дармаедаў” (эканамічна неактыўнага насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту) тут проста зашкальвае. Годнай працы для людзей у Круглянскім раёне папросту няма.

Мясцовыя жыхары і прадстаўнікі суседніх раёнаў Магілёўшчыны стварылі адмысловую грамадскую ініцыятыву, якая паспрабуе распрацаваць адмысловую «Стратэгію развіцця» Кругляншчыны да 2030-га года. Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, які быў арганізатарам стварэння грамадскай ініцыятывы, адзначае, што гэта стратэгія дапаможа Круглянскаму раёну выйсці з крызісу.

Зараз сябры грамадскай ініцыятывы праводзяць адмысловае анкетаванне жыхароў Круглянскага раёна, каб вызначыць праблемы, якія найбольш іх хвалююць. З вынікамі даследвання актывісты плануюць азнаёміць кіраўніцтва Круглянскага раёна і Магілёўскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства