viasna on patreon

Баранавічы: дырэктарка крамы, якая звольніла Рыгора Грыка за паласатую робу, аштрафаваная

2015 2015-11-04T17:50:38+0300 2015-11-04T17:50:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/gryk-rygor-u-robe.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Вольга Раманюк 3 і 4 лістапада разглядала скаргу грамадскага актывіста Рыгора Грыка на дзеянні дырэктара гандлёвай крамы “Mart Inn” Вольгі Борыс і прызнала яе вінаватай у парушэнні ч. 1 арт. 9.1 КаАП (наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншыя гвалтоўныя дзеянні).

Нагадаем, што 24 верасня Рыгор Грык быў звольнены з працы грузчыка ў прыватнай гандлёвай краме “Mart Inn”. На працу Рыгор Грык прыйшоў у канцлагерным паласатым адзенні, каб выказаць пратэст супраць парушэнняў правоў працоўных.

– Дырэктар крамы Вольга Борыс прымушала людзей працаваць больш гадзін, чым прадугледжвае працоўнае заканадаўства. Хто выказваў пратэст за адвольную выплату заробкаў без тлумачэнняў, за нявыдачу працоўнага адзення, за адсутнасць умоваў на працы, таго адразу звальнялі. Супрацоўнікаў крамы прымушалі выконваць мноства іншай працы, за якую ім не плацілі грошы. Калі адчынялі краму, то было 45 работнікаў, цяпер – толькі 25. Зразумела, што нагрузка на астатніх рэзка павялічылася, а заробак, наадварот, зменшыўся, – пракаментаваў Рыгор Грык.

Пасля таго, як Рыгор Грык прыйшоў на працу ў паласатым адзенні, краму адразу зачынілі на 2 гадзіны, а Вольга Борыс стала выпіхваць яго з памяшкання. Пры гэтым дырэктарка крамы прычыніла грамадскаму актывісту цялесныя пашкоджанні. Судмедэкспертыза, куды Рыгор Грык звярнуўся пасля працы, пацвердзіла факт атрымання цялесных пашкоджанняў. У гэты ж дзень супрацоўнік ГАУС капітан міліцыі Яўген Герасімовіч склаў на Вольгу Борыс адміністрацыйны пратакол за супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да Рыгора Грыка.

Грамадскі актывіст выказаў хадайніцтва, каб суд запатрабаваў у адміністрацыі крамы відэаматэрыялы, якія дазволілі б суду аб’ектыўна і хутка разабрацца ў гэтай справе. Але відэаматэрыялы па незразумелых прычынах так і не былі суду прадстаўлены, што, безумоўна, сведчыла аб незацікаўленасці адміністрацыі крамы ў іх дэманстрацыі.

Суддзя прызнала дырэктара гандлёвай крамы “Mart Inn” Вольгу Борыс вінаватай у парушэнні ч. 1 арт. 9.1 КаАП і прысудзіла ей адміністрацыйны штраф у памеры 10 базавых велічынь.

Фота: Рыгор Грык у паласатым адзенні падчас працы ў краме 24 верасня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства