У Брэсце падтрымалі штогадовую кампанію “Станем за журналістыку!”
Сёлета яна прысвечана ўзмацненню кантролю над Інтэрнэтам у Беларусі і, у прыватнасці, праблеме, якая звязана з блакаваннем незалежных беларускіх сайтаў.
Паводле слоў кіраўніка Брэсцкай філіі Грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” (БАЖ) Алега Супрунюка, акцыя салідарнасці павінна была прадэманстраваць надзвычай важную ролю Інтэрнэта ў сучасным жыцці. “Журналістам для выканання сваіх прафесійныях абавязкаў патрэбна не толькі мець магчымасць выконваць сваю працу без перашкодаў у віртуальнай прасторы, але і быць упэўненымі, што незалежныя Інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі заўсёды даступныя для людзей”, - каментуе Алег Супрунюк.
Сябры адной з найбуйнейшых рэгіянальных філій ГА “БАЖ” сёлета вырашылі не ладзіць агульнае мерапрыемства з нагоды кампаніі “Станем за журналістыку!”, а прапанавалі далучыцца да яе кожнаму асобна з дапамогай камп’ютарнай тэхнікі, мабільных прыладаў і пры актыўным выкарыстанні сацыяльных сетак. Акрамя брэсцкіх сябраў БАЖ у акцыі бралі ўдзел і тыя з іх, хто жыве ў Бярозе і Івацэвічах.