viasna on patreon

Пад Оршай ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (фота)

2015 2015-11-07T22:01:00+0300 2015-11-08T16:07:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/orsha-ushanavanne-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як і штогод на Дзяды, аршанскія актывісты сабраліся на Кабыляцкай гары – ва ўрочышчы каля пасёлка Андрэеўшчына, дзе ў 1930-50 гады адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. Колькасць забітых у гэтых мясцінах, паводле розных звестак, ад 3 да 5 тысяч чалавек, і гэта другое пасля Курапатаў афіцыйна прызнанае месца пахавання сталінскіх рэпрэсій.

Праўда пра расстрэлы на Кабыляцкай гары адкрылася ў 1990-я гады, калі тут пракладалі чыгунку і будавалі станцыю “Орша – Паўночная”. Тады будаўнікі пачалі даставаць з зямлі чалавечыя косткі, і экспертыза пацьвердзіла, што гэта – парэшткі расстраляных ахвяраў сталінізму.

Неўзабаве ў  гэтых мясцінах быў усталяваны афіцыйны помнік - камень з шыльдай на ім. Шыльды некалькі разоў кралі невядомыя злодзеі. І ўрэшце, замест таго, каб чарговы раз адрамантаваць мемарыяльны знак, у гарвыканкаме махнулі на яго рукой . З тае пары добраўпарадкаванне гэтага месца стала клопатам мясцовых актывістаў.

Сёлета жалобная імпрэза таксама пачалася пасля добраўпарадкавання на гэтым месцы. Актывісты падмялі апалае лісце, пачысцілі ад моху помнік-камень, на якім дагэтуль відаць адтуліны ад мацаванняў для шыльды. Над самаробным мемарыялам, куды цяпер уваходзяць і два крыжы – праваслаўны і каталіцкі – узняліся бел-чырвона белыя сцягі. Выступоўцы згадвалі ахвяраў сталінізму – і тых, што знайшлі апошні спачын у гэтым лесе, і іншых – сваіх сваякоў або знаёмых.

Напрыканцы да мемарыялу ўсклалі кветкі, а на дрэвы, якія ўзраслі на месцы колішняй трагедыі, павязалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства