У Брэсце прапануюць правесці агульнагарадскі круглы стол з нагоды Дня правоў чалавека
З адпаведным зваротам у Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі Савет дэпутатаў звярнуліся мясоцовыя сацыял-дэмакраты, якія намераны прымеркаваць мерапрыемства да гадавіны прыняцця 10 снежня 1948 года Генеральнай Асамблеяй ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Паводле ініцыятывы Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), да ўдзелу ў круглым стале запрашаюцца прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцы, прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, органаў правапарадку, прадстаўнікоў незалежных і дзяржаўных СМІ.
“У прыватнасці, мы прапануем абмеркаваць пытанні наконт рэалізацыі ў Брэсце артыкулаў Усеагульнай дэкларацыі ў справе выканання права на мірныя сходы, права на свабоду слова і друку, удзелу грамадзян і палітычных партый у выбарчых кампаніях, а таксама ў мясцовым кіраванні і самакіраванні. У сувязі з прыняццем апошніх заканадаўчых актаў і іншых дакументаў мы хацелі б абмеркаваць таксама палажэнні Усеагульнай дэкларацыі, якія тычацца абароны сацыяльна-эканамічных правоў”, - пракаментавала ініцыятыву старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП (Г) Ганна Канюс.