«Вахта пільнасці і ціску» ў дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі перайшла ад мытні да падатковай
На нейкі час спыніліся прэтэнзіі, якія мытня спрабавала «ўзаконіць» праз суд у дачыненні да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Нагадаем, 25 кастрычніка скончыўся тэрмін прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці праваабаронцы, супраць якога мытня распачала справу аб непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы. Два месяцы таму, 25 жніўня, супрацоўнікі мытні знялі праваабаронцу з цягніка «Вільня-Мінск», у прамым сэнсе – вынеслі на руках, каб правесці без дай прычыны асабісты дагляд. Потым яго ж мытня і спрабавала абвінаваціць у парушэнні заканадаўства – непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы (артыкул 23.4 КаАП). Але прадугледжаныя заканадаўствам два месяцы для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці прайшлі.
Але зараз «вахту пільнасці і ціску» падхапіла падатковая інспекцыя, якая ўжо не першы раз за апошнія гады не пакідае намаганняў, каб знайсці нарэшце ў праваабаронцы і яго сям'і нейкія міфічныя звышпрыбыткі і парушэнні заканадаўства. Раней падатковая патрабавала дэкларацыю не толькі ў Леаніда Судаленкі, але нават у яго сына, які на той час служыў у беларускім войску.
Зараз жа падатковая інспекцыя па Гомельскаму раёну выклікае на 23 лістапада праваабаронцу «для складання матэрыялаў аб адміністрацыйным правапарушэнні». Леанід Судаленка апавясціў інспекцыю пра сваё нежаданне аказваць дапамогу ў падрыхтоўцы абвінавачванняў у адміністрацыйным правапарушэнні супраць самога сябе.
9 лістапада падатковы інспектар Таццяна Гаспадарова па выніку праверкі дэкларацыі аб даходах і маёмасці склала акт камеральнай праверкі, дзе падатковая прыйшла да высновы, што праваабаронца ўтойваў заработную плату на 500 рублёў, а таксама ва ўтойванні 387 тысяч рублёў ад атрыманых па акцыях дывідэндаў. Адначасова падатковая просіць Леаніда Судаленку патлумачыць, як і каму ён рэалізоўваў сельскагаспадарчую прадукцыю, ад продажу якой меў грашовы даход за дэклараваны перыяд.
Патрабаванне ўзгадаць, каму тры гады таму, у 2012 годзе ён прадаў цыбулю і буракі для Леаніда Судаленкі выглядае абсурдна. «А калі б я спытаў у інспектара, у каго той купляў тры гады таму кавун на рынку? Што тычыцца дывідэнтаў, то інспекцыя лічыць налічаную суму, у той час як я ўказаў атрыманую, г.зн. падатак 12% з дывідэндаў у мяне ўжо вылічылі. Утойванне 500 рублёў зарплаты з'яўляецца падліковай памылкай, на якую ў іншага грамадзяніна, думаю, падаткавікі не звярнулі б увагі», - пракаментаваў праваабаронца.
Нагадаем, раней з-за частых праблем пры перасячэнні мяжы, а дакладней – нематываваных асабістых даглядаў каля дзевяноста чалавек падпісалі зварот да старшынь Мытнага і Памежнага камітэтаў з патрабаваннем спыніць бязмежжа ў дачыненні Леаніда Судаленкі і Васіля Палякова. Праваабаронцаў шматкроць пільна даглядалі на мяжы, забіралі для пошукаў «экстрэмізму» ноўтбукі і розныя носьбіты інфармацыі, здымалі з цягнікоў і чынілі іншыя нязручнасці пры вяртанні на Радзіму з-за мяжы. Падпісанты звароту прасілі спыніць гэтае бязмежжа.
10 лістапада старшыня ДПК даў адказ на звароты, у якім пералічыў нормы заканадаўства, якімі кіруюцца памежнікі. Дзеянні ж праваабаронцаў Сяргей Мальцаў ахарактарызаваў так: «Спробы палітызаваць надгляды ў рамках пагранічнага або мытнага кантролю, звязаць іх правядзенне са спецыфікай прафесійнай або грамадскай дзейнасці асобных катэгорый грамадзян у большай ступені ўяўляюцца формамі аказання ціску на службовых асоб у пунктах пропуску і імкнення прысвоіць выдуманае права імунітэту без усялякіх на тое юрыдычных падстаў».