Наста Лойка: "Чамусьці мала каго пужае дзіця у вайсковай касцы на вулічных банерах"
9-16 лістапада Моладзевая Праваабрончая група-Беларусь пры падтрымцы United праводзіла Агульнаеўрапейскі Тыдзень асветніцкіх дзеянняў супраць фашызму і антысемітызму. Слоган гэтага тыдню “Хіба мы не казалі “ніколі зноў”?”. Каардынатар і актыўны ўдзельнік Тыдня праваабаронца Наста Лойка адказала на пытанні карэспандэнта "Магілёўскай вясны".
- Зараз ідзе пэўны “перакос” словаў – усе навокал кажуць, что яны супраць фашызму, але ніхто не ўдакладняе, што такое фашызм. У Вашым разуменні, фашызм – гэта…?
- Мы разглядаем фашызм не як палітычны рух, што ўзнік у Італіі ў 20х гадах 20 стагоддзя і не зусім у паліталагічным аспекце. Канцэпцыя Human Integrity за аўтарствам філосафа Данііла Горацкага і праваабаронцы Андрэя Юрава тычыцца сацыяльных і псыхалягічных прычын фашызоідных праяваў у сучаснасці, тое нецывілазаванае “прывітанне з мінулага”, якое шмат каго вабіць вобразнасцю і гэраізмам. На сацыяльным узроўні фашызм уключае нецярпімасць, таталітарнае мысленне і мілітарызм. Мы прапаноўваем у супрацьвагу Правы чалавека як тую гуманістычную канцэпцыю, якая нарадзілася ў адказ на бесчалавечныя праявы Другой сусветнай вайны. Мы заклікаем кожнага чалавека знайсці свайго “ўнутранага фашысціка”, каб яго кантраляваць.
- Навошта краіне, у якой гонар нацыі будуецца вакол перамогі ў Вялікай Айчыннай Вайне, патрэбны Тыдзень супраць ксенафобіі, расізму ды фашызму? У нас жа дзяды ваявалі, які ж тут фашызм?
- Справа ў тым, што штучная гераізацыя ваенных падзей звычайна становіцца вельмі спрыяльным фактарам для прарастання фашызоідных тэндэнцый: магутнае “мы”, якое перамагло і ўсіх падмяла на сваім шляху з тэзай пра тое, што ўсе павінны гэтаму схіляцца – яскравая праява таталітарнага мыслення. Мілітарызм тут таксама відавочны: чамусьці мала каго пужае дзіця ў вайсковай касцы на вулічных банерах.
- На сайце humane.by я бачыў пэўныя сімвалы, пра якія людзям прапаноўваецца папярэджваць улады ці арганізатараў кампаніі. Як адбіраліся гэтыя сімвалы? Адзначу, што пры жаданні заўсёды можна знайсці перабольшванні – тыя ж руны “Адал” ды “Воўчы крук” выкарыстоўваюцца ў гербах нямецкіх гарадоў. Чаму у Беларусі яны набываюць статус фашысцкіх?
- Сімвалы варожасці – асобная складаная тэма, вельмі актуальная і дыскусійная адначасова. Нацысты выкарыстоўвалі шмат якія сімвалы, а ў сучаснасці яны могуць граць розную ролю: на гербе горада гэты сімвал гістрычна трактаваць дастаткова дакладна. Сімвал сонца на бабуліным рушніку – таксама. Але, калі гэтыя сімвалы малююць ў іншым кантэксце ці зусім без кантэксту на сценах, тут наступае прэзумпцыя сімвала варожасці, паколькі гэта тая частка заплямленай гісторыі, з якой трэба быць асцярожней. Менавіта таму мы распрацавалі сайт , які тлумачыць сімвалы па-за гістарычна зразумелым кантэкстам. У гэтым заключаецца падыход UNITED for Intercultural Action і Міжнароднага моладзевага праваабрончага руху, паколькі менавіта там гэтае пытанне даследавалі людзі, якія займаюцца гэтай праблемай шмат гадоў. Час ідзе, а свастыку вы можаце пабачыць і на вуліцах Гомеля, Вільні ці Дрэздана.
- Напярэдадані 3 ліпеня "Магілёўская вясна" рабіла матэрыял пра нацысцкія графіці ў Магілёве. Большая частка дагэтуль там так і засталася. Што гэта? Абыякавасць уладаў ды камунальнікаў ці яны проста не надаюць гэтаму патрэбнага значэння?
- У мяне ёсць некалькі варыянтаў адказу на гэты конт. Я заўжды сыходжу з таго, што камунальшчыкам лянотна нешта замазваць у прынцыпе. Але што бела-чырвона-белы сцяг ці надпіс “Жыве Беларусь” шкоднасны – іх натрэніравалі. А ўсё астатняе зверху як інструкцыю не спускалі. Тое, што за такія надпісы прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, яны таксама не ведаюць і навошта марнаваць час. Я бы гэта ўсё ж аднесла да нізкага узроўня сацыяльна-гістарычнай культуры з аднаго боку, і інакш растаўленых прыярытэтах зверху – з іншага.
- Наколькі рэальная сёння для Беларусі пагроза фашызму? Ці ёсць за гэтымі графіці нешта сур’ёзнае альбо гэта проста сродак "паказаць сябе" для падлеткаў?
- У падлеткаў ёсць патрэба ў самавыяўленні, шмат каму хочацца адчуваць сябе часткай магутнай групоўкі, гатовай начысціць твар любому іншаземцу. Нажаль, гэтыя малюнкі на сценах часта пераходзяць у рэальнае жыццё, я рэгулярна бачу навіны пра тое, што збілі студэнта з Непала ці Ўзбекістана. І за гэта нясуць адказнасць як за “хуліганства”, што спрыяе здзяйсненню гэтых злачынстваў на глебе нянавісці без дадатковых абцяжарваючых абставін, а значыць, гэтыя злачынствы нічым не адрозніваюцца ад астаніх, трымаючы ў страху любога “іншага” на нашых вуліцах.
- Апошнія гады ў дзяржаўных СМІ ідзе прапаганда, якая ледзь не адносіць футбольных заўзятараў да неафашыстаў. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці?
- Нажаль, не магу пахвастацца добрым добрым веданнем аналізу субкультурных групаў. Адзначу толькі тое, што ёсць асобныя фанацкія групоўкі, якія могуць быць як “фа”, так і “антыфа”, але па сутнасці і тыя, і тыя ўжываюць гвалт, ідэалягічна будуюць сваё таталітарнае “мы” і гатовыя дыскрымінаваць пэўныя катэгорыі людзей, у тым ліку даходзіць да фізычнай расправы. Але пад гэта нельга, канешне, падводзіць усіх футбольных заўзятараў, хаця футбол з псыхалагічнага пункту гледжання лічыцца самым агрэсіўным відам спорта (праз апасрэдную агрэсію), што можа выклікаць розныя наступствы ў стылі “эфэкта натоўпу”.
- Так атрымалася, што на Тыдзень супраць фашызму і антысэмітызму прыпалі тэракты ў Парыжы. Яшчэ да гэтага ў Еўропе адзначаўся ўзрост правых ды ўльтраправых настрояў. Відавочна, што зараз будзе ўсплёск нацыяналістычных і супрацьісламскіх рухаў. Як чалавеку, які бачыць усё гэта, трэба сябе паводзіць?
- У мяне няма, нажаль, простага адказу на складанае пытанне. Я бы проста заклікала навучыцца бачыць чалавечую годнасць у кожным без выключэння, імкнуцца яго зразумець, а не адгароджвацца сцяной, адказваць на дыскрымінацыю роўнасцю, на таталітарызм – свабодай і салідарнасцю, на гвалт – міратвочасцю, і кантраляваць свайго ўнутранага фашыста. Усе гэтыя працэсы ідуць праз нас і залежаць ад нас.
- Якія вынікі можна падвесці пад Тыднем, што атрымалася, а што яшчэ трэба паляпшаць?
- Мы папярэдне склалі вялікі спіс магчымых актыўнасцей, я была вельмі здзіўленая, што большасць з іх атрымалася рэалізаваць, асобна хацела б адзначыць сацыяльны экспэрамент сумесна з “Нашай нівай”, які стаў дастаткова запатрабавальным для гледачоў. Парадавала адкрытасць іншых арганізацый і ініцыятываў да супрацы па гэтай тэме: да Моладзевай Праваабрончай Групы-Беларусь далучыліся Эўрапейскі каледж Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), ініцыятыва “Актыўным быць файна”, родныя нам “Праўныя дарэктары”, а памяшканні пад мэрапрыемствы нам прадстаўлялі ЦРСІ і Фіяльта. Прыемна, што актуальнасць праблемы бачым не толькі мы. Яшчэ я вельмі ўдзячная мастаку Міхасю Волкаву, які ўжо некалькі гадоў падзяляе з намі боль па гэтай праблеме і намаляваў такую блізкую асабіста мне афішу да гэтага тыдня. А паляпшаць заўжды ёсць што. Лепш прадэманструем у наступным годзе.
Вынікі ж тыдня можна пабачыць на сайце Моладзевай Праваабрончай Групы-Беларусь.