viasna on patreon

Грамадскі Балонскі камітэт: Беларусь не выконвае ўзятыя на сябе абавязкі

2015 2015-11-20T10:53:19+0300 2015-11-20T10:53:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/studenty.jpg

У Беларусі ўзмацняецца наступ на акадэмічныя свабоды і правы акадэмічнай супольнасці, гаворыцца ў адкрытай заяве Грамадскага Балонскага камітэта, якое апублікавана 19 лістапада на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

У заяве гаворыцца, што з уступленнем у Балонскі працэс Беларусь прыняла на сябе абавязацельствы па выкананні дарожнай карты рэфармавання вышэйшай школы. Краіна павінна распрацаваць і ўкараніць заканадаўчыя меры і меры адукацыйнай палітыкі, накіраваныя на забеспячэнне правоў студэнтаў і выкладчыкаў, паведамляе БелаПАН.

Аднак, як заявіў сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў на круглым стале ў Мінску 19 лістапада, крайнім дысанансам такім абяцанням выглядае ўзмоцнены ў апошні час наступ на акадэмічныя свабоды, правы акадэмічнай супольнасці і ўзмацненне цэнзуры.

Дунаеў прывёў у пацверджанне шэраг фактаў, якія таксама ўтрымліваюцца ў заяве. Так, паведаміў ён, нядаўна па распараджэнні Міністэрства інфармацыі быў знішчаны наклад кнігі палітолага Віталя Сіліцкага “Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі».

Працягваецца практыка прымусу студэнтаў да датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, выкарыстанне студэнтаў у вучэбны час на сельскагаспадарчых, будаўнічых працах, у афіцыйных палітычных кампаніях і масавых мерапрыемствах.

Дунаеў звярнуў увагу, што ў апошнія дні асаблівую вастрыню набыў лёс студэнцкай кампаніі супраць ўвядзення аплаты за ліквідацыю акадэмічнай запазычанасці.

«Студэнты, якія сабралі тысячы подпісаў супраць дадатковай аплаты пераздач, разлічвалі на дыялог з кіраўніцтвам ВНУ і ўлік іх думкі пры прыняцці рашэнняў. Аднак яны сутыкнуліся з дэманстратыўным грэбаваннем пазіцыяй студэнтаў, якія выклікаюць ігнараваннем абавязацельстваў Беларусі пры ўступленні ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі па пашырэнню ўдзелу студэнтаў у кіраванні ВНУ, — гаворыцца ў заяве. — Больш за тое, актывісты кампаніі падвяргаюцца пераследам, іх запалохваюць і пагражаюць адлічэннямі ці нават судом».

Пры гэтым, адзначаецца ў дакуменце, афіцыйныя студэнцкія арганізацыі, прадстаўнікі студэнтаў у саветах ВНУ і афіцыйныя органы студэнцкага самакіравання застаюцца абыякавымі як да самой студэнцкай ініцыятывы, так і да лёсу актывістаў і ўдзельнікаў кампаніі.

Грамадскі Балонскі камітэт са шкадаваннем канстатуе адсутнасць прагрэсу ў імплементацыі Дарожнай карты рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі ў частцы фундаментальных акадэмічных каштоўнасцяў. Члены Грамадскага Балонскага камітэта асуджаюць гэтыя факты акадэмічных рэпрэсіяў і парушэнні правоў студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца ў дакуменце.

Грамадскі Балонскі камітэт заклікае кіраўніцтва ВНУ, Міністэрства адукацыі, адказная за імплементацыю Дарожнай карты, прыняць меры для спынення пераследу студэнтаў і захавання фундаментальных акадэмічных каштоўнасцяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства