viasna on patreon

Аштрафаваныя журналісты-фрылансеры з Гомеля напісалі скаргі генеральнаму пракурору

2015 2015-11-20T10:58:53+0300 2015-11-20T10:58:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zhukouski-i-kryvaszei.jpg
Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй

Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй

Трое журналістаў-фрыласераў з Гомеля — Наталля Крывашэй, Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі — накіравалі скаргі генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Яны аспрэчваюць судовыя пастановы наконт буйных штрафаў за супрацоўніцтва з беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат» (Польшча).

Наталля сёлета мусіць сплаціць у бюджэт 24,3 мільёна рублёў, Ларыса — 3,6 мільёна, Кастусь — 31,5 мільёна. Афіцыйна фрылансэраў суды штрафавалі на падставе міліцэйскіх пратаколаў за тое, што яны здымалі на Гомельшчыне розныя сацыяльныя сюжэты, якія пасля выкарыстоўваў тэлеканал «Белсат». Відэаздымкі фрылансэраў нібыта падпадаюць пад артыкул 22.9 КаАП — парушэнне заканадаўства аб СМІ, а менавіта — падрыхтоўка прадукцыі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.

Як лічыць гомельскі праваабаронца, юрыдычны кансультант Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка, які дапамагаў рыхтаваць скаргі, у адміністрацыйных справах незалежных журналістаў судзьдзі "ўзялі на сябе адказнасьць за невыкананьне артыкулаў 23 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага беларускай дзяржавай.

Пастановы аб пакараньні штрафамі журналістаў-фрылансераў выносілі сёлета судздзі: Рагачоўскага раёну — Аляксандар Крайнікаў, Буда-Кашалёўскага — Уладзімер Пракапенка, Гомельскага — Аляксандар Лісоўскі, Цэнтральнага раёну Гомеля — Аксана Осіпава, Марына Дамненка, Віктар Казачок, Чыгуначнага раёну — Мікалай Бакуноў.

Ня ўгледзелі парушэнняў правоў саміх журналістаў-фрылансэраў пры пераглядзе пастановаў на штрафы старшыня Гомельскага абласнога суду Сяргей Шаўцоў, судздзі Васіль Бягун, Анатоль Сотнікаў, Мікалай Доля, а таксама намеснік старшыні Вярхоўнага суду Руслан Аніскевіч.

Аштрафаваныя гомельскія журналісты-фрылансеры сцьвярджаюць, што ад рэакцыі на іхнія скаргі Генэральнай пракуратуры будзе залежаць, ці пададуць яны заявы ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства