Праваабарончыя выданні пад пільнай увагаю мытнікаў
19 лістапада пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі ў пункце пропуску ”Беняконі-1” сярод рэчаў жыхара Ліды Аляксандра Ганевіча пад час дагляду былі знойдзеныя кнігі, якія прыцягнулі ўвагу мытнікаў. Гэта, з большага, выданні праваабарончай тэматыкі: “Дэ-факта. Імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека: вопыт выпускнікоў праграмы ILIA ў Беларусі”; кніга Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” (выданне ПЦ ”Вясна”); кніга Валерыя Грыцука “Маё змаганне”; кніга-даследванне “Смяротнае пакаранне ў Беларусі” (выданне ПЦ ”Вясна”); брашура “Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі”(выданне ПЦ ”Вясна”).
У дачыненні да Аляксандра Ганевіча, які правозіў кнігі для асабістага карыстання з Вільні, былі складзеныя Акт мытнага дагляду, які падпісаў галоўны інспектар мытні І. Біруля, а таксама Акт адбора проб і ўзораў.
Па факце выняцця літаратуры прынятае рашэнне аб прызначэнні мытнай экспертызы кніг.
Дзіўным выглядае той момант, што мытня пры накіраванні на экспертызу кніг здзейсніла іх ацэнку, прызначыўшы высокі кошт асобнікаў, хаця літаратура, якая выдаецца Праваабарончым цэнтрам “Вясна” прызначаная для вольнага распаўсюду ў асветніцкіх мэтах і ніколі не паступае ў продаж.
Варта нагадаць, кніга Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай” і раней трапляла пад пільную увагу беларускіх мытнікаў, экспертыза па ёй праводзілася яшчэ ў 2014 годзе, нават двойчы. Напачатку ліпеня 2013 года Ашмянская мытня канфіскавала ў сябры Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” Тацяны Рэвяка 40 асобнікаў выдання. Судом Ашмянскага раёна 11 лютага 2014 года гэтыя экспертызы былі прызнаныя непрымальнымі, хаця і прынятыя да ведама. Аднак суд палічыў 40 асобнікаў кнігі таварам не для асабістага карыстання і пастанавіў рээкспартаваць іх на тэрыторыю Літвы.