У Слуцку АМАП “адмалаціў” гомельскіх заўзятараў
“Кардынальныя, можна сказаць, рэвалюцыйныя рашэнні” наконт футбольных заўзятараў, якія былі прынятыя тыдзень таму пад час сустрэчы першага намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Сафар'яна з кіраўніцтвам МУС, змаглі "адчуць" на сабе балельшчыкі ФК Гомель на матчы ў Слуцку 21 лістапада.
У гэты дзень у Слуцку праходзіла гульня каманд СФК Слуцк - ФК Гомель. Як паведамляе http://belultras.by/, у сярэдзіне 2 тайма на гасцявым сектары была ўзнята расцяжка «Нідзе не згінем», таксама было запалена некалькі страбаскопаў, петарды. Пасля гэтага да сектара ў тэрміновым парадку падбегла «група хуткага рэагавання» ў поўнай амуніцыі. Стаўшы насупраць сектара, міліцыя ў шлемах, са шчытамі і дубінкамі прастаяла ў «баявой гатоўнасці» хвілін 10, затым таксама хутка сышла. Сышлі яны, каб вярнуцца ў канцы матча і суправадзіць ўвесь гасцявы сектар (каля 50 чалавек) у аўтазак, а затым у РАУС Слуцка.
Па шляху руху і ў самым аддзеле заўзятары з Гомеля пастаянна падвяргаліся збіццю, пагрозам і абразам ад супрацоўнікаў АМАПа.
Пашыхтаваўшы гомельскіх заўзятараў у позу «зоркі» па перыметры двара РАУС, усіх здымалі на відэа, прымушаючы паказваць малюнкі на майках і татуіроўкі, выбарачна працуючы дубінкамі па «асабліва разумных». Таксама канфіскоўваліся тэлефоны з наступным выдаленнем фотаздымкаў, якіх быць не павінна, на думку міліцыі. Праз некалькі гадзін такіх дзеянняў і пагалоўнага перапісу асабістых дадзеных, ўсе былі адпушчаныя дадому.
Нагадаем, што літаральна тыдзень таму першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Сафар'ян на тэлеканале «Беларусь 5» распавёў аб падрабязнасцях сустрэчы ў Міністэрстве ўнутраных спраў:
“Што тычыцца вынікаў, то прынятыя кардынальныя, можна сказаць, рэвалюцыйныя рашэнні. Скажу больш: цяпер МУС на нашым баку. На працягу двух бліжэйшых тыдняў будзе арганізавана сустрэча з заўзятарамі пры ўдзеле Румаса, дзе будзе абмеркавана падрыхтоўка да наступнага сезона". Сафар'ян паведаміў таксама, што памяняюцца ўмовы ўваходу на стадыён, працэдура надгляду, стаўленне да паводзін балельшчыкаў і наогул рэакцыя на гэта з боку адпаведных органаў.