Максіма Вінярскага збіраюцца адлічыць з ВНУ
Каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага могуць адлічыць з 6 курса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Ён навучаецца завочна па спецыяльнасці «выдавецкая справа».
Пад час восеньскай сесіі загадчык адной з кафедр БДТУ Уладзімір Куліковіч прыняў у Вінярскага іспыт, засталося абараніць у гэтага ж выкладчыка курсавую работу. 26 кастрычніка ў апошні дзень сесіі, Вінярскі паразмаўляў з выкладчыкам і сваім навуковым кіраўніком Куліковічам, каб удакладніць, што яшчэ патрэбна дадаць да работы, каб паспяхова абараніцца. На наступны дзень Вінярскі здаў курсавую ў дэканат.
30 кастрычніка Куліковіч паведаміў Вінярскаму, што яшчэ працу не чытаў, паколькі не знайшоў яе ў дэканаце, і толькі 2 лістапада заявіў, што ў такім стане курсавая не можа быць прынятая да абароны. Праз некалькі дзён, прагледзеўшы выпраўлены варыянт работы, ён паведаміў Вінярскаму, што не дазволіць яе абараняць, хаця і выпісаў накіраванне на 9-га.
“Зразумей правільна, твая работа на асаблівым кантролі”, - паведаміў ён пры гэтым Максіму.
Рэцэнзія на курсавую работу, якую выдалі Вінярскаму, на яго думку, змяшчае супярэчлівыя ацэнкі.
– Праблемы з маёй курсавой пачаліся пасля акцый, якія прайшлі напачатку кастрычніка напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Менавіта пасля гэтага стаўленне кіраўніцтва універсітэта да мяне змянілася. Мне падаецца, такія хуткія перамены ў настроі загадчыка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій, звязаныя з маёй палітычнай дзейнасцю і ўдзелам у акцыях пратэсту”, - адзначыў Максім Вінярскі.
Нягледзячы на тое, што асаблівых праблем з навучаннем у Максіма Вінярскага не было, паўстала рэальная пагроза яго адлічэння з апошняга курса платнага аддзялення. Сам Максім загаду аб сваім адлічэнні пакуль яшчэ не бачыў.