Алесь Бяляцкі: У амерыканскіх палітыкаў і грамадскіх актывістаў існуе інтарэс да Беларусі
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі днямі вярнуўся з Вашынгтону, дзе ў яго адбыўся шэраг сустрэчаў з членамі кангрэсу, сенатарамі, чыноўнікамі Дзяржаўнага дэпартаменту і няўрадавымі арганізацыямі ЗША.
Паездка была арганізаваная міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Freedom House.
Усе сустрэчы падчас візіту, які працягваўся з 16 па 21 лістапада, былі прысвечаныя ў асноўным пытанням з правамі чалавека ў Беларусі ў паслявыбарчы перыяд.
“Усіх цікавіла новая сітуацыя, якая склалася ў нас пасля выбараў. Удзельнікі сустрэчаў пыталіся пра рэакцыю беларускіх праваабаронцаў і ацэнку сітуацыі ў звязку з тым, што былі выпушчаныя палітзняволеныя і былі прыпыненыя санкцыі ў дачыненні да прастаўнікоў беларускай улады і некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Амерыканскія палітыкі таксама цікавіліся, якім чынам яны маглі бы дапамагчы развіццю дэмакратыі ў Беларусі і наколькі актуальным з’яўляецца Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.
Мая пазіцыя была такая: зараз запушчаны механізм замарожвання санкцый на 6 месяцаў, і трэба дабівацца, каб беларускія ўлады зрабілі выразныя пазітыўныя крокі ў пашырэнні дэмакратычных правоў і свабодаў у Беларусі.
З сямі пунктаў, якія пералічаныя ў Акце аб дэмакратыі, законе ЗША, беларускія ўлады выканалі толькі першы – вызваленыя палітвязьні. Астатнія шэсць застаюцца актуальнымі”, - распавёў праваабаронца.
Таксама адбылася сустрэча з кангрэсменам Крыстаферам Смітам, які з’яўляецца аўтарам Акту аб дэмакратыі, што быў прыняты ў 2004 годзе. Хельсінкская камісія, кіраўніком якой з’яўляецца К. Сміт, арганізаваная ў кангрэсе і займаецца правамі чалавека і дэмакратыі ў розных краінах, адзначае, што яны з насцярогай глядзяць за тым, як будуць развівацца далей падзеі ў Беларусі і пры любым пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека санкцыі могуць быць адноўленыя зноў.
Агулам узровень сустрэч, якія адбыліся, падцвердзіў, што ў амерыканскіх палітыкаў і грамадскіх актывістаў існуе інтарэс да Беларусі.
Акрамя таго, праваабаронца сустрэўся і з беларусамі, якія жывуць у Вашынгтоне і маюць амерыканскае грамадзянства, а таксама з моладдзю з Беларусі, што там вучыцца:
“Іх цікавіла сітуацыя з тым, што робіцца ў Беларусі, так бы мовіць, з першых вуснаў: ці ёсць пагроза для незалежнасці, развіцця дэмакратыі ў краіне. Я ім сказаў, што іх актыўнасць заўсёды была вельмі важнай. Доўгія гады беларусы ў Амерыцы захоўвалі зніч беларускай незалежнасці. І зараз сітуацыя з незалежнасцю, дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі далёка не вырашаная. Таму яны мусяць працягваць працаваць у гэтым самым накірунку, у якім працуюць дэмакратычныя сілы на Бацькаўшчыне”, - адзначыў Алесь Бяляцкі.
Падчас візіту ў Вашынгтон Алесь Бяляцкі даў інтэрв'ю Рускай службе «Голасу Амерыкі».