viasna on patreon

Павел Канавальчык: “Палова грамадзянаў, якіх накіроўваюць у ЛПП, магла б гэтага пазбегнуць”

2015 2015-11-26T14:42:31+0300 2015-11-26T15:16:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kanavalchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Канавальчык

Павел Канавальчык

У адносінах да Паўла Канавальчыка суд Маскоўскага раёна г. Мінска адмяніў папярэджанне аб магчымасці накіравання яго ў лячэбна-працоўны прафілакторый, вынесеннае 31 ліпеня 2015 года.

Так суддзя А. Рудніцкая ўстанавіла, што на момант вынясення папярэджання заяўніку пра магчымасць накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, ён не з’яўляўся хворым на хранічны алкагалізм, што пацвярджаецца копіяй медыцынскага заключэння, на працягу года не быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці тры і больш разоў за здзяйсненне адміністратыўных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. У сувязі з гэтым суд палічыў, што падставаў для вынясення Паўлу Канавальчыку папярэджання пра магчымасць накіравання яго ў ЛПП не мелася.

Як адзначае сам заяўнік, справа рухалася цяжкавата, судовае паседжанне нават пераносілі з-за таго, што не прыйшоў другі бок працэсу, каб патлумачыць сваё меркаванне па вынясенню папярэджання.

“Але ў рэшце рэшт на нашым баку былі ўсе аргументы, адвакату ўдалося давесці нашу кропку гледжання і суд прыняў гэта да ўвагі і скасаваў папярэджанне”, - кажа П. Канавальчык.

Заяўнік адзначае, што яго справа рабілася нібы пад капірку, як і ў іншых выпадках з людзьмі, якія сапраўды падлягаюць прыцягненню да адказнасці па артыкуле 17.3, у тым ліку да накіравання ў ЛПП:

“І ў маім выпадку міліцыянты зрабілі “як заўжды” і паступілі са мной так, як прызвычаіліся паступаць з іншымі грамадзянамі. У мяне была магчымасць паглядзець знутры, як адбываецца гэтая працэдура, што яна носіць збольшага фармальны характар да гэтых людзей. І больш за тое, уражвае юрыдычная непісьменнасць грамадзянаў, якія нават бачачы і разумеючы нейкія парушэнні з боку міліцыі, не робяць аніякіх спробаў абскардзіць такія дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. То бок, яны прымаюць гэта як нейкі такі фатум, як сама сабой зразумелае.

І тое, што я пайшоў абскаржваць такое рашэнне, якое не мела пад сабой падставы, дало плён. Я думаю, што палова з тых грамадзянаў, якіх папярэджваюць або накіроўваюць у ЛПП, магла б гэтага пазбегнуць”.

Нагадаем, Юрый Шульган і Павел Канавальчык былі затрыманыя 17 ліпеня каля ўвахода ў ЦВК, куды яны накіроўваліся, каб зарэгістраваць Юрыя ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта. Там жа на абодвух склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.3 КаАП - «Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў п'яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць». Да панядзелку актывістаў пратрымалі ў ЦІП, а потым суд Маскоўскага раёна асудзіў кожнага па арт. 17.1 “Дробная хуліганства” да штрафу ў 30 базавых велічынь. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства