viasna on patreon

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў асуджае адміністрацыйны пераслед праваабаронцаў у Беларусі

2015 2015-12-03T17:11:30+0300 2015-12-03T17:47:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/absiervatoryjapaabaroniepravaabaroncau-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Тэрміновы зварот

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, сумесная праграма FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), просіць вашага тэрміновага ўмяшання ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніцаў аб судовым пераследзе сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, назіральнікаў-валанцёраў сумеснага праекта па назіранні Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта, у выніку мірнай дэманстрацыі, якая адбылася 24 лістапада 2015 г. ў цэнтры Мінска.

Паводле атрыманай інфармацыі, 24 лістапада 2015 г. на сп. Каспяровіча і спн. Сацункевіч, разам з сямю ўдзельнікамі дэманстрацыі і трыма журналістамі*, былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП, санкцыя якога прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту за арганізацыю і/або ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама пікетаванні.

24 лістапада 2015 года на вуліцах Мінска адбылася мірная акцыя, якая мусіла нагадаць аб дзевятнаццатай гадавіне рэферэндуму 1996 года, які зазнаў жорсткую крытыку як у Беларусі, так і за мяжой, паколькі ён значна пашырыў паўнамоцтвы прэзідэнта Лукашэнкі праз змены некаторых раздзелаў Канстытуцыі. Акцыя была арганізаваная лідэрам апазіцыі і былым палітвязнем сп. Мікалаем Статкевічам, і сабрала каля ста чалавек. Перад акцыяй назіральнікі, запрошаныя да назірання ў межах вышэйзгаданага сумеснага праекта, прайшлі навучанне ў адпаведнасці з прынцыпамі АБСЕ ў галіне свабоды мірных сходаў, мелі на сабе сінія камізэлькі з надпісам “Назіральнік”, а таксама бэджы з фатаграфіяй, імем і прозвішчам дзеля спрашчэння іх адрознення ад удзельнікаў з боку міліцыі. Назіральнікі ад ПЦ “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта, якія назіралі за мерапрыемствам, не ўдзельнічалі ў якіх-небудзь дзеяннях падчас акцыі, аднак яны былі расцэненыя ў якасці ўдзельнікаў і на іх былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы.

Абсерваторыя рашуча асуджае адміністрацыйны пераслед сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама іншых назіральнікаў, затрыманых падчас акцыі, паколькі ён мае на мэце пакаранне за іх мірную дзейнасць у галіне правоў чалавека.

Абсерваторыя, у больш агульным кантэксце, занепакоеная спробамі ўрада Беларусі абмежаваць свабоду асацыяцый, свабоду сходаў і свабоду выказвання меркаванняў з боку праваабаронцаў.

Дзеянні, якія патрабуюцца:

Калі ласка, напішыце ўладам Беларусі, заклікаючы іх:

1. Гарантаваць пры любых абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама вышэйзгаданых актывістаў і журналістаў, і ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

2. Спыніць любы пераслед, у тым ліку на адміністрацыйным узроўні, супраць сп. Сяргея Каспяровіча і спн. Наталлі Сацункевіч, а таксама супраць вышэйзгаданых актывістаў і журналістаў, і супраць усіх праваабаронцаў у Беларусі.

3. Выконваць усе палажэнні Дэкларацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб праваабаронцах, у прыватнасці:

- артыкул 1, які абвяшчае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца да абароны і рэалізацыі правоў чалавека і асноўных свабодаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях”;

- артыкул 12.1, які прадугледжвае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, удзельнічаць у мірнай дзейнасці, накіраванай супраць парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабодаў”;

- артыкул 12.2, які абвяшчае, што “дзяржава павінна рабіць усе неабходныя захады дзеля забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння ў сувязі з яго ці яе законным ажыццяўленнем правоў, згаданых у дадзенай Дэкларацыі”.

4. Забяспечыць у любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Парыж-Жэнева, 3 снежня 2015 года

*Іншыя асобы, прыцягнуты да адказнасці: актывісты Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Максім Вінярскі, Алесь Макаеў, Антось Жылко, Станіслаў Паўлінковіч, Андрэй Давідовіч, а таксама журналісты Дзмітрый Галко (“Новы час”), Галіна Абакунчык (“Радыё Свабода”) і Кацярына Андрэева ​​(“Народная воля”).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства