Судовыя разбіральніцтвы ў справе аб смерці Аляксандра Акуліча ў Светлагорскім ІЧУ зайшлі ў тупік
Нягледзячы на тое, што суддзі адмяняюць адну за другой пастановы Светлагорскага РАСК, у цэлым яны падтрымліваюць кірунак, у якім ідзе следства, не прыслухоўваючыся да неабвержных аргументаў праваабаронцаў.
Пра гэта выразна сведчыць апошняя судовая пастанова, якой суддзя суда Светлагорскага раёна Уладзімір Сцяпанаў адмяніў пастанову Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Акуліча ў гарадскім ІЧУ.
Скарга маці загінулага Валянціны Акуліч на пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы разглядалася пад старшынствам Уладзіміра Сцяпанава 12 кастрычніка бягучага года. У судовым паседжанні Валянціна Акуліч і яе прадстаўнік заявілі, што, у адпаведнасці з нормамі заканадаўства, якія рэгулююць працу органаў унутраных спраў, забаронена далейшае ўтрыманне ў спецустановах людзей з прыкметамі вострага псіхічнага, інфекцыйнага і іншых вострых захворванняў, якія патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі. Яны нагадалі, што дзяжурны па ІЧУ Светлагорскага РАУС Сцешанкоў Р.І. не выканаў належным чынам свой службовы абавязак - не выклікаў адміністрацыйна арыштаванаму хуткую медыцынскую дапамогу. На іх думку, неабходнасць аказання гэтай дапамогі была для супрацоўніка міліцыі відавочнай, паколькі Аляксандр Акуліч паводзіў сябе неадэкватна, меў прыкметы псіхічнага разладу. Але замест гэтага, Сцешанкоў вырашыў самастойна пераканацца ў тым, што Акуліч не сімулюе захворванне. Такім чынам, заяўніца настойвае, што ў дзеяннях Сцешанкова і іншых міліцыянтаў (неаказанне чалавеку, які знаходзіцца ў небяспечным для жыцця стане, неабходнай неадкладнай дапамогі шляхам непаведамлення медыцынскім установам аб неабходнасці аказання такой дапамогі) угледжваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага арт. 159 Крымінальнага кодэкса.
Акрамя таго, спробы супрацоўнікаў міліцыі прыкаваць аганізуючага арыштаванага кайданкамі да металічнай рашоткі, збіваючы яго пры гэтым, маці загінулага і праваабаронцы расцэньваюць як акт забароненага жорсткага і бесчалавечнага абыходжання.
Суддзя Сцяпанаў, выслухаўшы бакі ў судовым паседжанні, палічыў, што следчая праверка праведзеная няпоўна. Пры гэтым сярод недахопаў, якія патрабуюць выпраўлення, ён указаў, што з 10 чалавек, якія знаходзіліся ў ноч гібелі Акуліча, з 25 на 26 траўня 2012 года, у камерах ІЧУ, следчы апытаў толькі аднаго; што факт прагляду следчым відэазапісу з камеры відэаназірання ІЧУ нідзе не задакументаваны і пра гэта згадаў толькі намеснік начальніка ІЧУ ў сваіх тлумачэннях. «Пры дадзеных абставінах пастанова старэйшага следчага Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2015 г. падлягае адмене... », - заключае суддзя.
Праваабаронцы ПЦ "Вясна", якія вядуць працу па гэтай справе, не ў захапленні ад такой высновы суддзі, бо, мяркуючы па ўсім, дадатковае расследаванне ў чарговы раз будзе зведзена да фармальнага выканання фармальных прадпісанняў. Запісаў з камеры відэаназірання ІЧУ як не было ў матэрыялах праверкі, так, напэўна, і не будзе, а верагодныя сведкі ўжо маглі забыць пра падзеі 2012 года. У той час істотныя недахопы следчых праверак, якія ўпарта выкладаюцца ў скаргах праваабаронцаў, застаюцца без належнай увагі.
А суддзі Уладзіміру Сцяпанаву, на думку праваабаронцаў, не ўдалося зразумець галоўнага: хворы чалавек павінен лячыцца, а не біцца ў агоніі, прышпілены да рашоткі. Паводле логікі яго пастановы, супрацоўнікі міліцыі не абавязаныя выклікаць своечасова хуткую дапамогу арыштаваным, якія маюць у гэтым патрэбу; могуць вызначаць хворы чалавек ці сімулюе - не маючы для гэтага спецыяльнай адукацыі; могуць збіваць відавочна хворага чалавека і да таго падобнае.
Але гэта праблема не толькі суддзі, але і заканадаўцы, які істотна абмежаваў падставы для прыцягнення да адказнасці за жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне рознага роду абставінамі, падсумоўваюць праваабаронцы.