viasna on patreon

У Мінску судзяць назіральнікаў і ўдзельнікаў акцыі 24 лістапада

2015 2015-12-07T15:37:00+0300 2015-12-08T09:55:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/action-2015-11-24-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

Назіральнікі на акцыі да гадавіны рэферэндуму 1996 года ў Мінску 24 лістапада 2015 года.

У судзе Маскоўскага раёна 7 снежня ў другой палове дня будуць разглядацца адміністратыўныя справы Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Антона Жылко, Станіслава Паўлінковіча і Андрэя Давідовіча. Пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП на актывістаў былі складзеныя яшчэ 24 лістапада за ўдзел у акцыі, прысвечанай гадавіне рэферэндуму 1996 года і ўшанавання памяці зніклых палітыкаў ў Мінску.

Таксама 7 снежня ў гэтым жа судзе пройдуць суды над назіральнікамі ад ПЦ “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэту Наталляй Сацункевіч і Сяргеем Каспяровічам (пачатак у 15.00 і 16.00 адпаведна).

4 снежня назіральнікам ад ПЦ “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэту Наталлі Сацункевіч і Сяргею Каспяровічу прышлі SMS-паведамленні з Маскоўскага суда з запрашэннем на судовыя разгляды іх адміністратыўных спраў.

Падчас выканання сваіх абавязкаў на масавым мерапрыемстве назіральнікі трымаліся адасоблена ад удзельнікаў. Яны былі абазначаныя спецыяльнымі бэйджамі і сінімі камізэлькамі, што давала магчымасць супрацоўнікам міліцыі адрозніваць іх ад удзельнікаў мірнага сходу. Аднак, міліцыянеры палічылі, што Н. Сацункевіч і С. Каспяровіч удзельнікі акцыі і склалі на іх адпаведныя пратаколы.

Па факце неправамерных дзеянняў міліцыі праваабаронцы ўжо праінфармавалі спецыяльных дакладчыкаў ААН пра ціск на праваабаронцаў і журналістаў, а таксама звярнуліся ў УУС Мінскага гарвыканкама па прычыне адміністрацыйнага пераследу назіральнікаў.

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў выступіла з заявай, у якой рашуча асуджае адміністрацыйны пераслед Сяргея Каспяровіча і Наталлі Сацункевіч, а таксама іншых назіральнікаў, затрыманых падчас акцыі.

15-20. Адміністратыўны пратакол па артыкуле 23.34, частка 3 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены паўторна на працягу года), складзены на Максіма Вінярскага, суддзя адправіла на дапрацоўку супрацоўнікам міліцыі.

15-24. Судзьдзя Максім Сушко пачаў судзіць назіральніцу ад БХК Натальлю Сацункевіч. Праз гадзіну гэты ж судзьдзя будзе судзіць назіральніка Сяргея Каспяровіча. Як паведамляе Радыё Свабода, на працэсе над Натальляй Сацункевіч поўная заля публікі — праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Алег Гулак ды іншыя, журналісты, іншыя людзі, якія цікавяцца гэтай справай, бо ўпершыню у Беларусі судзяць назіральніка, які працаваў на вулічнай акцыі, прычым апрануў адмысловую камізэльку. Сама Натальля Сацункевіч — супрацоўніца Акадэміі навук, напачатку працэсу яна заявіла, што суду давярае. Натальля Сацункевіч распавяла пра сябе як пра назіральніцу. Яна чацьверты раз была назіральніцай на акцыях. Да таго прайшла вучобу як назіральніца. Кажа, што прытрымлівалася прынцыпу нэўтралітэту падчас акцыі, трымалася ў баку ад яе ўдзельнікаў, падлічвала іх. Але паводле запісу ў міліцэйскім пратаколе, яна нібыта крычала «Жыве Беларусь». Справу Натальлі Сацункевіч таксама аддалі на дапрацоўку. Судзьдзя Максім Сушко вырашыў вярнуць справу назіральніцы Натальлі Сацункевіч на дапрацоўку ў міліцыю. Бо нібыта не пазначылі ў пратаколе, у якасьці каго яна была на акцыі.

16-10. Судзьдзя Максім Сушко, не пачынаючы працэсу над Сяргеем Каспяровічам паведаміў, што ягоная справа таксама накіроўваецца на дапрацоўку, і таму «працэсу сёньня ня будзе», паведамляе Радыё Свабода

16-30. Суддзя Віктар Казак прыняў рашэнне пакараць удзельніка акцыі 24 лістапада Антона Жылко штрафам у памеры 3 мільёны 600 тысяч рублёў (20 базавых велічынь).

16-50. Адміністратыўная справа Мікалая Статкевіча разглядацца ня будзе, паколькі палітык у суд не з'явіўся.

Станіслава Паўлінковіча суд пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

Суддзя Вольга Лістраценка адправіла пратакол, складзены на Андрэя Давідовіча на дапрацоўку. Справу Паўла Севярынца таксама.

Алесь Макаеў у суд не з’явіўся, прынятае рашэнне аб пераносе разгляду адміністратыўнай справы

24 лістапада напрыканцы масавага мерапрыемства на пляцоўцы пад ЦВК былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Максіма Вінярскага, Алеся Макаева, Антося Жылко, Станіслава Паўлінковіча, Андрэя Давідовіча, журналістаў Дзмітрыя Галко(“Новы Час”), Галіну Абакунчык (“Радыё Свабода”), Кацярыну Андрэеву («Народная воля»), назіральнікаў аб БХК і “Вясны” Сяргея Каспяровіча, Наталью Сацункевіч.  На другі дзень пратаколы, складзеныя на журналістаў, былі скасаваныя.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства