viasna on patreon

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі абралі лепшых (відэа)

2015 2015-12-07T14:50:12+0300 2015-12-07T15:24:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/premiaja_pravaabaroncy_laureaty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Лаўрэаты Праваабарончай прэміі за 2015 год Валянцін Стэфановіч, Валерый Шчукін, Зміцер Лукашук.

Лаўрэаты Праваабарончай прэміі за 2015 год Валянцін Стэфановіч, Валерый Шчукін, Зміцер Лукашук.

Шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі традыцыйна перад Міжнародным Днём правоў чалавека 10 снежня называе лаўрэатаў штогадовай Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла 7 снежня ў сталічнай кнігарні “ЛогвінаЎ”. Лаўрэатаў у гэтым годзе вылучаюць у трох намінацыях: “Праваабарончая дзейнасць”, “Журналістыка” і “Асоба”.

Па традыцыі прэміі пераможцам ўручаюць лаўрэаты мінулых гадоў. Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі павіншаваў з узнагародай Валерыя Шчукіна, пераможцу ў намінацыі “Асоба”. Журналістка Радыё “Свабода” Алена Панкратава уручыла Ганаровы дыплом і бел-чырвона-белыя кветкі ў намінацыі “Журналіст года” журналісту "Еўрарадыё" Зміцеру Лукашуку, а кіраўнік “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова ўзнагародзіла “Праваабаронцу года” Валянціна Стэфановіча.

 

 

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч у сваёй прамове пасля ўзнагароджання сказаў, што “хацеў бы прысвяціць гэтую прэмію Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, бо многае з таго, што здзейснена ў галіне абароны правоў чалавека было б немагчыма без нашай каманды, у якой працую і я ўжо 17 гадоў. На сваім шляху мы бачылі рознае, існавалі ў рознай якасці, і як зарэгістраваная арганізацыя, і без рэгістрацыі. Улады таксама паступалі з намі па-рознаму, а самыя цяжкія часіны, якія я памятаю, гэта 2011 год, калі быў арыштаваны наш старшыня Алесь Бяляцкі, які знаходзіўся ў турме. Я выдатна ведаю, што нягледзячы на тое, што ўлады робяць выгляд, што нас няма, што мы існуем недзе ў андэграундзе, яны ўсё адно прыслухоўваюцца да таго, што мы кажам, я ведаю, што яны чытаюць тое, што мы пішам і я ведаю, што яны выконваюць тое, што мы патрабуем, апошні прыклад – вызваленне палітычных вязняў.

Таксама я хацеў бы прысвяціць гэтую прэмію Марэку Навіцкаму, якога з намі няма. Гэта той чалавек, які сфармаваў мяне як праваабаронцу, бо ў нашых універсітэтах правам чалавека ня вучаць, гэта абсалютна рознае разуменне. Марэк Навіцкі сфарміраваў касцяк праваабарончага руху ня толькі ў Беларусі і ўклаў у яго той сэнс, якім мы кіруемся ў сваёй паўсядзённай працы”.

Вядучая цырымоніі ўзнагароджання праваабаронца Людміла Гразнова, адзначыла: “У дзяржавы ёсць шмат  прэмій. І мы радыя, што зараз і грамадзянская супольнасць мае магчымасць уганараваць людзей, якія вызначаюцца сваёй дзейнасцю ў розных галінах”.

 

 

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе “Праваабарончым Альянсам” (Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко). Лаўрэаты 2009 года – Раман Кісляк, Павал Сапелка, Алег Груздзіловіч.
У 2011 годзе да падрыхтоўкі штогадовай імпрэзы і вызначэння лаўрэатаў (яе сталі называць “праваабарончая прэмія”) далучыўся шэраг іншых арганізацый: Сёлета ў журы вылучаны прадстаўнікі Камітэта рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, РПГА “Беларускі хельсінскі камітэт”,Праваабарончага альянсу, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Дома правоў чалавека, Цэнтра па правах чалавека, “Прававой ініцыятывы”, Беларускага дакументацыйнага цэнтра.

Лаўрэатамі 2011года сталі праваабаронца Алесь Бяляцкі, Дар’я Ліпкіна і Марына Кавалеўская (адвакаты), журналісты Юлія Дарашкевіч і Уладзь Грыдзін.
Лаўрэаты 2012 года – Любоў Кавалёва (праваабаронца), Аліна Шостак і Альвіна Дрыго (адвакаты), Андрэй Пачобут (журналіст).
У 2013 годзе лаўрэатамі сталі Андрэй Бандарэнка, Гары Паганяйла, праграма тэлеканала Белсат “Маю права”.

У мінулым годзе лаўрэатамі сталі Алена Танкачова (праваабаронца года), Людміла Казак (адвакат года). У намінацыі журналіст года адзначаныя Алена Панкратава з Радыё Свабоды і сайт ПЦ “Вясна”.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі абралі лепшых (відэа)
Валерый Шчукін і Алесь Бяляцкі.
Журналіст "Еўрарадыё" Зміцер Лукашук.
Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч - праваабаронца года.
Людміла Гразнова.
Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Таццяна Рэвяка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства