viasna on patreon

На Кубе затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў акцый у Дзень правоў чалавека

2015 2015-12-11T10:28:20+0300 2015-12-11T10:28:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuba.jpg

Кубінскія ўлады працягваюць ціск на дысыдэнтаў, не дазваляючы ім крытыкаваць лідэраў камуністычнага рэжыму.

У Гаване 10 сьнежня, у Дзень правоў чалавека, які адзначаецца ў многіх краінах сьвету, паліцыя затрымала некалькіх грамадзянскіх актывістаў, якія скандавалі лёзунгі «Свабоду» і «Няхай жывуць правы чалавека!» Як паведамляе агенцтва Reuters, у гэты ж дзень у розных гарадах краіны былі затрыманыя каля ста чалавек, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных дэманстрацыях.

Супрацьстаяньне паліцыі і грамадзян адбывалася на вачах мінакоў і журналістаў, як і ва ўсе папярэднія гады камуністычнага праўленьня. Адначасова, удзельнікі контрадэманстрацыяў, арганізаваных кубінскімі ўладамі, выкрыквалі абразы на адрас дысыдэнтаў, якіх паліцыя затрымлівала і запіхвала ў патрульныя машыны.

Кубінская дысыдэнцкая група «Жанчыны ў белым» арганізавала дэманстрацыю на адной з ажыўленых плошчаў Гаваны, аднак, шматлікія ўдзельніцы былі затрыманыя, як і ў папярэднія гады, яшчэ на парозе сваіх дамоў і не змаглі ўдзельнічаць у акцыі.

Журналісты адзначаюць, што ніякіх буйных інцыдэнтаў падчас дэманстрацый не было.

Нягледзячы на "адлігу" ў адносінах паміж Гаванай і Вашынгтонам, кубінскія ўлады лічаць дысыдэнтаў «аплачанымі агентамі ўраду ЗША» і сьцьвярджаюць, што крытыкі кубінскага рэжыму не заўважаюць дасягненьняў рэспублікі ў галіне гарантаванай аховы здароўя і адукацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства