Сьветлагорскае раённае спажывецкае таварыства скасавала дамову на продаж у сваіх крамах недзяржаўнай газэты “Регион-вести” (Радыё Свабода).
Гэта адбылося пасьля таго, як газэту ўбачыў у вясковай краме старшыня райвыканкаму Баляслаў Пірштук.
Недзяржаўную газэту “Регион-вести” ў вясковых крамах Сьветлагорскага раёну пачалі прадаваць напачатку верасьня. Паводле дамовы рэдакцыі і раённага спажывецкага таварыства завозілі яе прыкладна ў тры дзясяткі крамаў, па сутнасьці ў кожную другую з 60 наяўных. Аднак старшыня спажывецкага таварыства Тамара Кандрашова нечакана адмовілася ад продажу газэты ва ўсіх крамах.
Т. Кандрашова патлумачыла рэдактару газэты “Регион-вести” Мікалаю Паседзька, што газэта для сельскіх жыхароў вельмі дарагая, хаця кошт газэты складаў усяго толькі 300 рублёў.
Рэдактар прычыну адмовы бачыць у іншым. У адну з крамаў вёскі Чыркавічы выпадкова заглянуў старшыня Сьветлагорскага райвыканкаму Баляслаў Пірштук і ўбачыў “Регион-вести”. Ён быў вельмі раздражнёны, што незалежная газэта прадаецца менавіта ў крамах сельскай мясцовасьці. Ён тут жа выклікаў да сябе Тамару Кандрашову і загадаў прыбраць газэту з прылаўкаў. Дамову скасавалі ўмомант.
Праблемы ў незалежай газэты ўзьніклі апошнім часам ня толькі з продажам ў крамах. Яе адмовіліся друкаваць у дзяржаўных паліграфічных прадпрыемствах Сьветлагорску, Рэчыцы, Мазыра, Жлобіну і Бабруйска.
Цяпер рэдакцыя вымушаная друкаваць газэту ў менскім выдавецтве “Сьветач”.