viasna on patreon

На Віцебшчыне хочуць стварыць "Адзіны рэгламент па інфармаванні аб сямейнай нядобранадзейнасці"

2015 2015-12-17T23:48:48+0300 2015-12-17T23:48:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ініцыятарам выступае абласная пракуратура, якая лічыць неабходным як мага раней выяўляць прыкметы сямейнага гвалту, парушэнняў правоў непаўнагадовых, фіксаваць факты празмернага злоўжывання алкаголем бацькамі і гд. Праваабаронцаў да ўдзелу ў складанні рэгламенту не запрашаюць.

Мяркуецца, што ў складанні рэгламенту будуць удзельнічаць самыя розныя службы – міліцыя, МНС, ЖКГ, а таксама структуры адукацыі і медыцыны. 16-17 снежня праводзіцца адмысловы семінар, дзе абмяркоўваюцца праблемы выканання заканадаўства аб непаўнагадовых і моладзі. Да ўдзелу запрошаны пракурорскія работнікі і прадстаўнікі міліцэйскіх структур Віцебскай і Магілёўскай абласцей.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў лічыць, што да вырашэння праблемы з наяўнасцю нядобранадзейных сем'яў трэба больш шырока прыцягваць не толькі прафесійныя, але і грамадскія структуры:

"Справа важная, але форма выклікае шмат пытанняў. Прыкладам, што яно такое – "адзіны рэгламент"? Гэта будзе нейкая база дадзеных? Або інструкцыя, як "вылічваць" нядобранадзейныя сем'і і што з імі рабіць? Ёсць небяспека, што дзейнасць новаўтварэння будзе непразрыстай – з высновамі толькі "для службовага карыстання". Я лічу, што да вырашэння гэтай праблемы трэба ў абавязковым парадку прыцягваць праваабаронцаў і журналістаў! Праваабаронцы часта сустракаюцца з выпадкамі парушэння правоў непаўнагадовых, а журналісты маглі б інфармаваць грамадскасць як пра такія выпадкі, так і пра захады прафілактыкі падобных правапарушэнняў".

Павел Левінаў падкрэслівае таксама, што існаванне нядобранадзейных сем'яў – гэта складаная, комплексная з'ява. Такія сем'і не бяруцца ніадкуль, яны – спараджэнне нашага грамадства. І таму трэба змагацца не з канкрэтнымі выяўленымі парушэннямі закону або правоў, а супраць тых прычын, якія становяцца грунтам для наяўнасці нядобранадзейных сем'яў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства