viasna on patreon

“Магілёўскія ведамасці” абяцаюць апублікаваць артыкул Рыгора Кастусёва. Праўда, “з каментарамі”

2015 2015-12-18T00:28:25+0300 2015-12-18T00:28:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kastuseu-rygor-bnf.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Кастусёў.

Рыгор Кастусёў.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 17 снежня накіраваў электронны зварот у КВУП “Інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці” з просьбай патлумачыць, чаму да гэтай пары на старонках газеты не з’явіўся яго артыкул “Як у каралеўстве крывых люстэркаў” пра сапраўдны стан спраў у Круглянскім раёне. Артыкул быў напісаны ў адказ на матэрыял журналіста “Магілёўскіх ведамасцяў” Віктара Кубекі “Крывая “сацыялогія”, у якім, на думку Рыгора Кастусёва, зневажаліся яго гонар і годнасць.

Газета “Магілёўскія ведамасці” надрукавала артыкул Віктара Кубекі “Крывая “сацыялогія” у сваім нумары ад 13 лістапада 2015 года. У матэрыяле аўтар абрынуўся са знішчальнай крытыкай на здымачную групу “у складзе “вучоных”, лідараў БНФ, і тэлевізіёншчыкаў” (журналістаў тэлеканала “Белсат”, якія зрабілі матэрыял аб праводзімым у Круглянскім раёне грамадскімі актывістамі апытанні – з. р.). У прыватнасці, пра Рыгора Кастусёва журналіст напісаў: «Для мыслящего человека (верагодна, Кубека піша пра сябе, - з. р.) всё стало на свои места, когда на экране в качестве комментатора появился покрывшийся плесенью из-за пятилетней давности бывший кандидат в президенты Григорий Костусев. Он и поведал, что Круглянский район вымирает. И это связано с общим кризисом в области. Что руководство региона ничего не предпринимает для изменения ситуации, поскольку у председателя местного райисполкома эта должность - лишь ступенька для прыжка наверх, и пр., и пр.». Сам жа Віктар Кубека лічыць, што Круглянскі раён і Магілёўская вобласць вельмі паспяхова і дынамічна развіваюцца ў апошнія гады.

Рыгор Кастусёў палічыў, што журналіст у артыкуле “Крывая “сацыялогія” не толькі абражае яго асабіста, але і дае недакладную інфармацыю пра сапраўдны стан спраў у Круглянскім раёне. Таму 30 лістапада ён наведаў КВУП “Інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці”, дзе сутрэўся з галоўным рэдактарам агенцтва Святланай Шутавай, яе намеснікам і адначасова рэдактарам газеты “Магілёўскія ведамасці” Яўгенам Булавай, а таксама з аўтарам артыкула “Крывая “сацыялогія” Віктарам Кубекай. Палітык таксама перадаў для друку ў “Магілёўскія ведамасці” свой артыкул “Як у каралеўстве крывых люстэркаў”, у якім са спасылкай на афіцыйныя дадзеныя абмаляваў рэальны стан спраў у Круглянскім раёне.

Па словах Рыгора Кастусёва, спадарыня Шутава паабяцала яму, што артыкул абавязкова ў бліжэйшы час будзе надрукаваны ў “Магілёўскіх ведамасцях”, праўда, з адпаведнымі каментарамі журналістаў. З таго моманту прайшло ўжо амаль тры тыдні, аднак артыкул “Як у каралеўстве крывых люстэркаў” на старонках газеты так і не з’явіўся, хоць спадар Кастусёў неаднаразова тэлефанаваў на гэты конт у рэдакцыю агенцтва.

І толькі пасля таго, як намеснік старшыні Партыі БНФ 17 снежня накіраваў афіцыйны зварот на адрас ІА “Магілёўскія ведамасці”, Святлана Шутава нарэшце паведаміла спадару Кастусёву, што “Публікацыя Вашага артыкула запланавана ў  нумары газеты «Магілеўскія ведамасцi» 22 снежня  2015”.  

Заснавальнікам газеты “Магілёўскія ведамасці” з’яўляецца Магілёўскі аблвыканкам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства