Гомельскія праваабаронцы прапануюць упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў інфармаваць журналістаў і міліцыю пра цыганскую дыяспару
Гомельскія праваабаронцы Марыя Клімовіч і Алесь Яўсеенка пісьмова звярнуліся да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі з прапановай «унесці ў план працы на наступны год выданне і распаўсюд сярод журналістаў і міліцыянераў буклету, які будзе ўтрымліваць разнастайныя звесткі пра цыганскую дыяспару ў Беларусі, а таксама прававыя нормы, якія тычацца нацыянальнага пытання». Праваабаронцы запэўнілі Леаніда Гуляку, што са свайго боку гатовыя прыняць удзел у падрыхтоўцы матэрыялаў для буклета.
Марыя Клімовіч нагадвае, што гомельскія праваабаронцы шмат разоў на працягу апошніх некалькіх гадоў звярталіся ў розныя дзяржаўныя ўстановы – МУС, Міністэрства адукацыі, Гомельскі аблвыканкам, да рэдактараў газет з патрабаваннем спыніць дыскрэдытацыю цыганскай меншасці ў СМІ. «Нам абяцалі прыняць меры, але публікацыі ў СМІ, якія прыніжаюць гонар і годнасць цыган, з'яўляюцца і сёння. Усялякія метады пераканання ўжо мы выпрабавалі. У сувязі з кепскім эканамічным становішчам градус напружанасці ў нашым грамадстве значна павысіўся. Людзі расчараваныя падзеннем заробкаў, беспрацоўем, стабільнасці прыйшоў канец, а СМІ яшчэ і малююць ім вобраз ворага. Некаторыя безадказныя журналісты не разумеюць, што зараз гэта як ніколі пагражае канфліктам, што расчараванне людзей з-за матэрыяльных праблем можа выліцца на цыганскую меншасць. Трэба, каб улады больш пільна сачылі за сваімі абавязкамі», - лічыць праваабаронца.
Па яе словах, журналісты і міліцыянеры павінны быць аб'ектыўнымі, а ў некаторых, відаць, для аб'ектыўнасці відавочна не хапае інфармацыі. І дапамагчы атрымаць інфармацыю пра нацыянальную меншасць мог бы інфармацыйны буклет.
Марыя Клімовіч нагадвае, што дыскрымінацыя па нацыянальнай прыкмеце забаронена заканадаўствам. Але ў снежні ў буйнейшай беларускай газеце з'явіўся артыкул з загалоўкам «На Гомельшчыне цыганкі скралі грошы ў маці і яе дзіця-інваліда» («СБ-Беларусь Сегодня, 14.12.2015), а брагінская газета «Маяк Палесся» паведаміла пра затрыманне групы цыганоў толькі за тое, што яны належаць да нацыянальнай меншасці.