Апублікаванае даследаванне патэнцыялу салідарнасці ў беларускім грамадзтве
Аўтары дакумента прыйшлі да высновы, што патэнцыял салідарнасці беларускага грамадства істотна ніжэйшы, чым патэнцыял салідарнасці ў грамадзянскай супольнасці.
Даследаванне выканана Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі (ЦЭТ) і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS) на замову: Беларускага дома правоў чалавека ім. Барыса Звозскага, Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага камітэту, Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”, Беларускай асацыяцыі журналістаў і Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі.
На папярэднім этапе даследавання патэнцыялу салідарнасці ў арганізаванай грамадзянскай супольнасці Беларусі была зроблена выснова аб дастаткова нізкім узроўні яго салідарнасці.
У выніковым дакуменце адзначана, што грамадзтва ў цэлым аказалася яшчэ менш структураваным, яшчэ больш пасіўным, абыякавым у каштоўнасным дачыненні, менш зацікаўленым у абмеркаванні палітычных і грамадзкіх тэмаў, больш замкнёным у коле міжасабовых адносінаў, чым меркавалі даследчыкі. Патэнцыял салідарнасці беларускага грамадзтва апынуўся істотна ніжэй, чым патэнцыял салідарнасці ў грамадзянскай супольнасці.
Кола патэнцыйнай салідарнасці беларускага грамадзтва фактычна замкнёна на сям’і і сябрах, беларусы не асабліва разлічваюць на салідарнасць з боку іншых групаў і супольнасцяў. Патэнцыял узаемнага даверу і салідарнасці насельніцтва ў адносінах да грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў вельмі нізкі. Беларусы не давяраюць ім і не разлічваюць на іх дапамогу і падтрымку, гэта ў тым ліку азначае, што яны наўрад ці адгукнуцца на іх заклік аб падтрымцы ў выпадку неабходнасці.
Паводле даследчыкаў, праваабарончыя і іншыя грамадзкія арганізацыі карыстаюцца даверам ня больш чым чвэрці насельніцтва.
Дарэчы, грамадзянская супольнасць, у параўнаньні з грамадзтвам у цэлым, характарызуецца больш высокім узроўнем інстытуцыйнага даверу. У той жа час, кола гэтай салідарнасці замкнёнае на калегах па “трэцім сэктары” і не распаўсюджваецца нават на роднасныя грамадзкія сэктары тэрытарыяльных (суседзкіх) супольнасцяў і царкоўных абшчын. Узровень даверу грамадзянскай супольнасці дзяржаўным інстытутам яшчэ больш нізкі, чым у насельніцтва ў цэлым.
Азнаёміцца з поўным тэкстам даследавання можна тут.