Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2015
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2015
Высновы:
- на працягу снежня якіх-небудзь сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае змяненне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, зафіксавана не было;
- нягледзячы на тое, што ўсе мірныя сходы, якія праводзіліся на працягу месяца ў г. Менску і некаторых іншых гарадах краіны, праходзілі без умяшальніцтва органаў правапарадку і гвалтоўна не спыняліся, некаторыя з удзельнікаў такіх сходаў, тым не менш, прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў за ўдзел у сходах;
- органамі Міністэрства юстыцыі працягвалася практыка адмоваў у дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, якія ствараюцца грамадзянамі. Пры гэтым падставы да адмовы ў рэгістрацыі ніякім чынам не грунтаваліся на дапушчальных абмежаваннях свабоды асацыяцыяў, устаноўленых Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, насілі яўна палітычна матываваны і селектыўны характар;
- на працягу месяца новых палітычна матываваных крымінальных справаў не распачыналася, аднак раней узбуджаныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да А. Міхалевіча, А. Алесіна, М. Пякарскага, В. Жаромскага, В. Касінерава спыненыя не былі. Якіх-небудзь крокаў, накіраваных на поўнае аднаўленне грамадзянскіх правоў раней вызваленых палітычных зняволеных, уладамі краіны не рабілася;
- у выніку поўнага і ўсебаковага аналізу матэрыялаў крымінальнай справы заснавальніка прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформ-Інавейшн” Міхаіла Жамчужнага праваабаронцы прыйшлі да высновы аб неабгрунтаваным і палітычна матываваным характары дадзенай справы. Праваабарончыя арганізацыі Беларусі лічаць М. Жамчужнага палітычным зняволеным і патрабуюць неадкладнага перагляду яго справы ў адкрытым судовым працэсе з захаваннем яго права на справядлівае судовае разбіральніцтва;
- прадстаўнікі праваабарончых арганізацый працягваюць заклікаць улады краіны распачаць шэраг захадаў аднаўленчага характару, накіраваных на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, якія б прадэманстравалі зацікаўленасць у далейшым развіцці беларуска-еўрапейскіх адносінаў;
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
7 снежня прадстаўнікі сямі праваабарончых арганізацый распаўсюдзілі сумесную заяву аб прызнанні крымінальнага пераследу Міхаіла Жамчужнага неабгрунтаваным, палітычна матываваным, і запатрабавалі неадкладнага перагляду прынятага ў дачыненні да яго судовага прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
Міхаіл Жамчужны з'яўляўся заснавальнікам прыватнай культурна-асветніцкай установы “Платформ-Інавейшн”, адным з відаў дзейнасці якой было правядзення маніторынгу месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянаў.
Прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суда ад 10.07.2015 з улікам зменаў, зробленых у прысудзе судовай калегіяй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23.10.2015, Міхаіл Жамчужны быў асуджаны на 6 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.
9 снежня фігурантам т.зв. “справы графіцістаў” Максіму Пякарскаму, Вадзіму Жаромскаму, Яраславу Ульяненкаву і Вячаславу Касінераву былі прад'яўленыя канчатковыя абвінавачванні.
У дачыненні да М. Пякарскага абвінавачванне было перакваліфікавана з ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) на арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).
З Я. Ульяненкава былі зняты ўсе ранейшыя абвінавачванні і крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў спынены.
У адносінах да В. Жаромскага і В. Касінерава пакінулі раней прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 339 КК, пры гэтым В. Жаромскаму інкрымінавалі арт. 341 КК.
Варта адзначыць, што па выніках праведзенай экспертызы прыкметаў экстрэмізму ў малюнках выяўлена не было.
Экс-кандыдату ў прэзідэнты Алесю Міхалевічу зноў адмоўлена ў спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года.
Як паведаміў Алесь Міхалевіч, ён мае намер накіраваць чарговае хадайніцтва, на гэты раз – у пракуратуру г. Менска. Пакуль жа экс-кандыдат у прэзідэнты застаецца ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках пяцігадовай даўніны.
Як стала вядома праваабаронцам, да гэтага часу не спыненая крымінальная справа, узбуджаная КДБ ў 2014 годзе ў дачыненні да журналіста і аглядальніка тыднёвіка “Беларусы і рынак” Аляксандра Алесіна.
Нагадаем, што А. Алесін быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у адным з кавярняў г. Менску на сустрэчы і нібыта перадачы матэрыялаў, якія складаюць дзяржаўную таямніцу, прадстаўніку адной з амбасадаў краінаў ЕС у Беларусі. А. Алесін быў затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 356 КК (здрада Радзіме) і змешчаны ў СІЗА КДБ у г. Менску. 10 снежня 2014 г. Алесін быў вызвалены з-пад варты ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе, а абвінавачанне ў дачыненні да яго была перакваліфікавана на арт. 356.1 КК (усталяванне супрацоўніцтва з органамі замежнай разведкі без прыкметаў здрады Радзіме). Пры гэтым органам крымінальнага пераследу ў А. Алесіна насуперак нормам крымінальна-працэсуальнага заканадаўства была ўзятая падпіска аб невыдаванні матэрыялаў следства. Такім чынам пад пагрозай крымінальнага пераследу А. Алесін баяўся рабіць якія-небудзь каментары адносна гэтай справы, у тым ліку ў дачыненні да свайго працэсуальнага статусу.
9 снежня праваабарончыя арганізацыі распаўсюдзілі заяву, у якой заклікалі дзяржаўныя органы спыніць палітычна матываваны крымінальны пераслед у дачыненні да М. Пякарскага, В. Жаромскага, Я. Ульяненкава, В. Касінерава, А. Міхалевіча, А. Алесіна, а таксама перагледзець у адкрытым судовым працэсе крымінальную справу ў дачыненні да М. Жамчужнага.
Свабода асацыяцыяў і ціск на праваабаронцаў
1 снежня Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Менгарвыканкама адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання “Новая альтэрнатыва”. Прычынай адмовы чыноўнікі назвалі неадпаведнасць назвы арганізацыі названым у яе статуце мэтам і задачам.
Грамадская кампанія “Гавары праўду” ў чацвёрты раз атрымала адмову ў дзяржаўнай рэгістрацыі створанага грамадскага аб'яднання.
Міністэрства юстыцыі сцвярджае, што некаторыя дакументы, прадастаўленыя арганізацыяй, не адпавядаюць патрабаванням заканадаўства. Сярод іх – адсутнасць подпіса кіраўніка аб'яднання ў асобных дакументах. У кампаніі “Гавары праўду” лічаць, што парушэнні можна было выправіць, а ў заканадаўстве сказана, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі можа быць толькі неадхільнае парушэнне. Пры гэтым рэгіструючы орган адмовіўся даць адтэрміноўку ў рэгістрацыі для ліквідацыі названых недахопаў ва ўстаноўчых дакументах.
3 снежня Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (сумесная праграма FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT)) распаўсюдзіла заяву ў сувязі з судовым адміністрацыйным пераследам Сяргея Каспяровіча і Наталлі Сацункевіч, назіральнікаў-валанцёраў сумеснага праекта Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Беларускага Хельсінкскага камітэта, якія ажыццяўлялі назіранне за мірнай дэманстрацыяй, якая адбылася ў Менску 24 лістапада 2015 г.
У дадзенай заяве OMCT і FIDH выказалі занепакоенасць спробамі ўрада Беларусі абмежаваць свабоду асацыяцыяў, свабоду сходаў і выказвання меркаванняў з боку праваабаронцаў, а таксама спыніць любы пераслед супраць С. Каспяровіча і Н. Сацункевіч.
7 снежня падатковая інспекцыя спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да праваабаронцы Леаніда Судаленкі і вынесла адпаведную пастанову. Такое рашэнне было прынята ў сувязі з “малазначнасцю парушэння”. Нагадаем, намеснік начальніка Інспекцыі па падатках і зборах па Гомельскім раёне Марына Барыскіна накіравала праваабаронцу позву аб яўцы 7 снежня ў інспекцыю для ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе ў якасці асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Яго абвінавачвалі ва ўтойванні ад падаткаабкладання 500 рублёў зарплаты і 387 024 рублёў атрыманых па акцыях дывідэндаў.
Падатковая не першы раз патрабуе ад Леаніда Судаленкі справаздачу. У 2012 годзе дэкларацыю аб даходах і маёмасці за пяць гадоў (2007-2011) павінны былі прадставіць яго жонка, цешча і паўналетні сын, які ў той час служыў у арміі. Такая пільная ўвага да сябе і сваёй сям'і з боку розных дзяржаўных органаў Л. Судаленка звязвае са сваёй праваабарончай дзейнасцю.
Права на інфармацыю. Парушэнне правоў журналістаў
Ізноў зафіксаваныя выпадкі стварэння перашкодаў у дзейнасці незалежных журналістаў.
У Брэсце падчас здымак сюжэту для тэлеканала “Белсат” начальнік аддзела па працы са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Ляўковіч забараніў прадстаўнікам установы культуры даваць інтэрв'ю журналістам Аляксандру Леўчуку і Мілане Харытонавай, спасылаючыся на неабходнасць акрэдытацыі. Паводле Алеся Леўчука, пасля прэзідэнцкіх выбараў гэта першая спроба прадстаўнікоў уладаў перашкодзіць журналістам у Брэсце выконваць свае прафесійныя абавязкі.
Гомельскі журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі і яго памочнік Аркадзь Малыш быў затрыманы на тры гадзіны 22 снежня ў Кармянскім РАУС. Міліцыю выклікала намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама Таццяна Вяркеенка ў сувязі з тым, што Жукоўскі здымаў у райцэнтры сюжэт з нагоды забеспячэння жыхароў пітной вадой.
25 снежня Кастуся Жукоўскага выклікалі ў Калінкавіцкі РАУС для складання адміністрацыйнага пратакола. Склад магчымага правапарушэння міліцыянт патлумачыў так: “Вы былі ў Калінкавічах, бралі інтэрв'ю ў людзей, зрабілі рэпартаж, які быў паказаны па спадарожнікавым тэлебачанні тэлеканала “Белсат” праз інтэрнэт. Вы не маеце дазволу, не маеце акрэдытацыі”, — даводзіў ўчастковы. Журналіст-фрылансер адмовіўся прыязджаць у Калінкавічы.
Адначасова ўлады ствараюць спрыяльны рэжым для функцыянавання дзяржаўных СМІ. У рукі журналістаў незалежнай крычаўскай газеты "Вольны горад" патрапіла распараджэнне адміністрацыі ААТ "Крычаўцэменташыфер", у якім начальніку аднаго з падраздзяленняў прадпрыемства даецца заданне па арганізацыі падпіскі на дзяржаўныя выданні. У прыватнасці, распараджэннем вызначана, што работнікі павінны падпісацца на 1-е паўгоддзе 2016 года на "кантраляваныя дзяржавай выданні": газеты "Знамя юности", "Звязда", "Советская Белоруссия", "Народная газета", "Рэспубліка", "Магілёўскія ведамасці" і "Кричевская жизнь". Таксама ў распараджэнні даюцца канкрэтныя лічбы, колькі асобнікаў таго ці іншага выдання павінна быць выпісана работнікамі.
Работнікаў салігорскіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў прымушаюць падпісацца на дзяржаўныя выданні. Адпаведная разнарадка была ім дадзена ідэалагічным аддзелам Салігорскага райвыканкама. Гэтая разнарадка за подпісам намесніка старшыні Салігорскага райвыканкама абавязвае перш за ўсё кіраўнікоў прадпрыемстваў, іх намеснікаў і старшыняў прафсаюзных і грамадскіх арганізацый аформіць падпіску на першае паўгоддзе 2016 г. на кантраляваныя дзяржавай выданні: "Советскую Белоруссию", "Мінскую праўду" і мясцовую газету "Шахцёр".
Свабода мірных сходаў
У Наваполацку 30 лістапада суд наклаў адміністрацыйнае спагнанне на актывіста аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Андрэя Гайдукова за пікет памяці зніклых палітыкаў. Па частцы 3 арт. 23.34 КаАП яму прызначаны штраф у памеры 8 100 000 рублёў.
2 снежня ў Мінску адбыўся “Марш студэнтаў”. Мерапрыемства не спынялася супрацоўнікамі міліцыі, нягледзячы на тое што дазвол на яго правядзенне ва ўстаноўленым парадку не быў атрыманы. Аднак на месцы было складзена тры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях у дачыненні да ўдзельнікаў сходу, перапісаныя дадзеныя яшчэ сямі удзельнікаў і шасці назіральнікаў.
23 снежня ўдзельнік “Марша” Павел Сяргей быў пакараны за ўдзел у масавым мерапрыемстве па арт. 23.34 КаАП штрафам у памеры 4 500 000 рублёў. 30 снежня быў аштрафаваны на 3 240 000 рублёў іншы ўдзельнік “Марша” – Глеб Вайкуль.
3 снежня Свіслацкім раённым судом вынесены пастановы па справах Віктара Сазонава і Эдварда Дмухоўскага. Абодва былі аштрафаваныя на 1 800 000 рублёў па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і шэсці ў Свіслачы і Якушоўцы 31 кастрычніка бягучага года. Усяго міліцыяй было складзена 40 пратаколаў на ўдзельнікаў акцыі.
8 снежня за ўдзел у гэтым мерапрыемстве штраф у памеры 7 200 000 рублёў быў прызначаны гродзенскаму праваабаронцу Уладзіміру Хільмановічу.
30 снежня па гэтай жа справе Віталь Гуляк аштрафаваны Ваўкавыскім раённым судом на 40 базавых велічыняў – 7 200 000 рублёў. Суд не збянтэжыў той факт, што В. Гуляк – інвалід 2-й групы і ў суд быў выкліканы ў перыяд знаходжання ў бальніцы.
У дачыненні да двух назіральнікаў ад ПЦ "Вясна" і РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт” – Наталлі Сацункевіч і Сяргея Каспяровіча пры правядзенні масавага мерапрыемства з нагоды гадавіны рэферэндуму 1996 года былі складзеныя пратаколы і накіраваныя ў суд Маскоўскага раёна. 7 снежня суддзя накіраваў абедзве справы на дапрацоўку. Дадзеная спроба прыцягнення да адказнасці незалежных назіральнікаў была рэзка асуджана нацыянальнымі і міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.
У гэты ж дзень былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ўдзельнікі названага мерапрыемства: Антон Жылко (штраф 3 600 000 рублёў), Станіслаў Паўлінкевіч (штраф 4 500 000 рублёў). Справы ўдзельнікаў акцыі Паўла Севярынца, Андрэя Давідовіча і Максіма Вінярскага былі накіраваныя на дапрацоўку.
10 снежня, у дзень прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, у цэнтры Менска валанцёры і праваабаронцы ПЦ "Вясна" віншавалі жыхароў сталіцы з Днём правоў чалавека і раздавалі тэксты Дэкларацыі, а таксама інфармацыйныя буклеты, прысвечаныя праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.
У гэты ж дзень актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" правялі ў цэнтры Менска пікет, накіраваны на адмену смяротнага пакарання. Удзельнікі акцыі зрабілі спецыяльны плакат з заклікам да грамадства выступіць супраць смяротнага пакарання, якое парушае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У дачыненні да Леаніда Кулакова складзены пратакол і накіраваны на разгляд у суд Першамайскага раёна.
25 сьнежня на пляцоўцы каля будынка ратушы ў г. Мкнску, дзе ў гэты час адбываліся калядныя мерапрыемствы, студэнт студыі "Fortinbras" Міхаіл Каўко правёў адзіночны пікет. Ён, надзеўшы пальчаткі з хімічнымі напаўняльнікамі, падпаліў іх. Мэтай акцыі было прыцягненне ўвагі да праблемаў глухіх людзей і людзей з абмежаваным слыхам. 30 снежня над Міхаілам Каўко адбыўся суд. Актывіста абвінавацілі ў парушэнні ч. 2 арт. 23.34 КаАП ("арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства") і пакаралі штрафам у памеры 3 600 000 рублёў.
Тым часам, спробы грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў атрымаць дазвол ва ўстаноўленым парадку не прыносяць вынікаў: у Брэсцкай вобласці Бярозаўскі райвыканкам адмовіў у правядзенні пікета каля ўваходу на Цэнтральны стадыён г. Бяроза. Адмова была матываваная тым, што ў гэты час на стадыёне плануецца правесці іншае мерапрыемства. Аднак у пазначаны час стадыён апынуўся пусты.
Менскі гарадскі выканкам адмовіў у правядзенні мітынга 20 снежня ў парку Дружбы народаў. Такім чынам заяўнікі хацелі выказаць пратэст супраць магчымага павышэння пенсіённага ўзросту ў Рэспубліцы Беларусь. Заява аб правядзенні масавага мерапрыемства была пададзена ў Менгарвыканкам ад імя аднаго з сябраў Арганізацыйнага камітэта па стварэнні Нацыянал-бальшавіцкай партыі ў Беларусі. Прычынай адмовы, як паведамляюць заяўнікі, паслужыла тая акалічнасць, што на гэты дзень і час у парку Дружбы народаў было запланаванае іншае мерапрыемства. У той жа час, адказ не ўтрымоўваў прапановаў аб магчымай альтэрнатыве па часе і месцы правядзення заяўленага мітынгу.
Таксама ў Менску было адмоўлена актывістам грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры ў правядзенні пікета ў цэнтры горада. Мерапрыемства планавалася на 17 снежня, удзел у ім збіраліся прыняць да 15 чалавек.
Права на жыццё. Смяротнае пакаранне
Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне, прынятае па звароце Паўла Селюна, асуджанага да смяротнага пакарання ў Беларусі 12 чэрвеня 2013 года. Інтарэсы Сялюн па даверанасці прадстаўляў каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда. Камітэт адзначае: у адпаведнасці з артыкулам 6 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, было парушана права на жыццё, паколькі аўтар быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага судовага разбиральніцтва.
У паведамленні № 2289/2013 Камітэт адзначае, што "дзяржава-удзельнік не прыняла да ўвагі просьбу Камітэта аб прыняцці часовых захадаў, прывёўшы ў выкананне смяротны прысуд, перш чым Камітэт завяршыў разгляд дадзенага паведамлення.
Камітэт адзначае, што, нягледзячы на прыкметы таго, што аўтар стаў ахвярай катаванняў, дзяржава-удзельнік не прадставіла ніякай інфармацыі, каб прадэманстраваць, што ўлады правялі расследаванне гэтых канкрэтных сцвярджэнняў. У дадзеных абставінах Камітэт прыйшоў да высновы, што сцвярджэнні аўтара павінны быць прызнаныя важкімі. Адпаведна, Камітэт лічыць, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні правоў аўтара ў адпаведнасці з артыкулам 7 Пакта.
Камітэт далей адзначае сцвярджэнне, што аўтар стаў ахвярай катаванням і вымушаны быў прызнаць сваю віну ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў. Інфармацыя, атрыманая ў выніку прымянення катаванняў, павінна быць выключана з доказнай базы. У адсутнасць якой-небудзь інфармацыі ад дзяржавы-ўдзельніка ў гэтай сувязі Камітэт заключае, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб асобным парушэнні правоў у адпаведнасці з артыкулам 14 (3) (d) Пакта.
Камітэт далей адзначае заявы аўтара пра тое, што ў яго справе не быў выкананы прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Камітэт лічыць, што прадстаўленыя факты дэманструюць, што права Селюна лічыцца невінаватым (да прысуду), гарантаванае артыкулам 14 (2) Пакта, было парушана.
У гэтым кантэксце Камітэт адзначае, што на працягу больш чым шасці месяцаў дасудовага ўтрымання пад вартай аўтар не меў эфектыўнага і пастаяннага доступу да адваката, і што большасць следчых дзеянняў, такіх як перакрыжаваны допыт і допыты, адбываліся ў адсутнасць адваката.
ПЦ "Вясна" атрымаў звесткі аб тым, што ў Менскім СІЗА № 1 на вул. Валадарскага ўтрымліваецца грамадзянін Расіі Пётр Іванік, які быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, і, паводле сваякоў, чакае экстрадыцыі для выканання прысуду ў ААЭ. Першы сакратар Консульства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі ў тэлефоннай размове з каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэем Палудам пацвердзіў, што сапраўды такая сітуацыя мае месца, што да іх у консульства таксама звярталіся сваякі Пятра Иваника. Ён запэўніў, што консульства будзе займацца гэтай справай і выказаў падзяку праваабаронцам за неабыякавую пазіцыю. Першы сакратар паабяцаў супрацоўніцтва з кампаніяй "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" па справе Іваніка.
Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне Вольгі Груновай, маці расстралянага ў 2014 годзе гамяльчаніна Аляксандра Грунова, аб парушэнні яе права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжанню.
Ліст з КПЧ накіраваны на адрас беларускай дзяржавы для каментароў па сутнасці.