У Слаўгарадскім раёне працаўнікам несвоечасова выплочваюць заробак
У 2015 годзе пракуратура Слаўгарадскага раёна выявіла 24 выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы працаўнікам у 9 прадпрыемствах раёна. Усяго было выяўлена 7 фактаў несвоечасовага выплату заробка ў мясцовым УКП “Бытпаслугі”, 6 фактаў у ААТ “Прысож’е”, 4 факты ў КПУП “Слаўгарадскі рэмбуд”, 2 факты ў СВК “Жалязінскі”, па аднаму факту ў СВК “Заранскі”, Прывольны”, “Зімніца”, “Лясная”, “Наша радзіма”.
У артыкуле ў раённай газеце “Прысожскі край” памочнік пракурора Слаўгарадскага раёна К. Лявіцкі звяртае ўвагу на тое, што не могуць заставацца па- за ўвагай сістэматычныя парушэнні тэрмінаў выплаты заработнай платы, якія дапускаюць адны і тыя ж арганізацыі раёна. Па фактах парушэння заканадаўства аб працы пракуратурай раёна за перыяд 2015 года вынесена на адрас кіраўнікоў гаспадарак 14 прадпісанняў пра ўхіленне парушэнняў заканадаўства аб працы, 10 кіраўнікоў папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў закона, 4 кіраўнікі ў агульнай складанасці 8 разоў, а таксама адна юрыдычная асоба (КПУП “Слаўгарадскі рэмбуд”) прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці.
Згодна патрабаванняў пракурора, суб’ектамі гаспадарання выплачана запазычанасць па зарабатнай плаце працаўнікам на агульную суму 1 296,4 млн. рублёў.
Памочнік пракурора Слаўгарадскага раёна таксама адзначае, што шэраг арганізацый пры маючайся запазычанасці па выплаце заробкаў сваім працаўнікам не прадастаўлялі адпаведную інфармацыю ў органы статыстыкі. У прыватнасці, такую інфармацыю не прадастаўлялі ў 2015 годзе ААТ “Прысож’е”, УКП “Бытпаслугі”, КПУП “Слаўгарадскі рэмбуд”. Вінаватыя ў гэтым службовыя асобы названых арганізацый па патрабаванню пракурора прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці згодна арт. 23.18 КаАП Рэспублікі Беларусь.
Істотная колькасць парушэнняў заканадаўства аб працы ў частцы своечасовай выплаты заработнай платы адзначалася ў Слаўгарадскім раёне і ў 2014 годзе. К. Лявіцкі канстатуе, што прыведзеныя ім дадзеныя аб выяўленых пракуратурай парушэннях заканадаўства не азначаюць поўнае выяўленне і выкараненне ўсіх фактаў несвоечасовай выплаты заробкаў наймальнікамі сваім работнікам у 2015 годзе.
Газета “Прысожскі край” адзначае, што зараз у калектыўных дамовах сельскагаспадарчых арганізацый Слаўгарадскага раёна вызначана, што выплата заработнай платы працаўнікам адбываецца 30, 31 (29, 28 лютага) чысла месяца, наступнага за справаздачным. Нагадаем, што ў большасці арганізацый і прадпрыемстваў нашай краіны заробкі працаўнікам выплочваюць да 25-га чысла наступнага месяца, каб людзі маглі своечасова аплаціць камунальныя паслугі.
Праблема несвоечасовай выплаты заробкаў працаўнікам з’яўляецца вельмі вострай для Слаўгарадскага раёна. У лістападзе 2014 года пытанне выканання заданняў па росту заработнай платы, своечасовасці яе выплаты разглядалася на пасяджэнні Слаўгарадскага райвыканкама. Асноўная парада, якую дала ў той час начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Ю. У. Рыжова працаўнікам вёскі – гэта жыць па сродках.
У траўні 2012 года ў Слаўгарадскім раёне мясцовы райвыканкам прымаў рашэнне аб аднаўленні сістэмы продажу тавараў першай неабходнасці ў пазыку. Тады кожны жыхар Слаўгарадскага раёна мог пазычыць у крамах раёна прадуктаў і тавараў першай неабходнасці на суму 300 тысяч рублёў у месяц.