viasna on patreon

Ягор Пратасеня здзейсніў суіцыд у знак пратэсту супраць здзекаў і катаванняў

2016 2016-01-11T14:42:05+0300 2016-01-14T18:47:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pratasenia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

Ягор Пратасеня. Фота "Нашай нівы".

У Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 студзеня звярнулася прадстаўніца грамадскай ініцыятывы "Матчын Рух 328" Ларыса Жыгар, якая паведаміла пра факт суіцыду 5 студзеня 20-гадовага хлопца ў турме Жодзіна.

“Пратасеня Ягор Георгіевіч, – піша яна,  – быў затрыманы супрацоўнікамі наркакантролю г. Салігорска ў красавіку 2015 года. Пад час затрымання над ім жорстка здзекаваліся гэтыя супрацоўнікі. Ад красавіка месяца ён выношваў план суіцыду, паведамляючы маці ў кожным лісце, што сваёю смерцю пакарае супрацоўнікаў наркакантролю. Цэнзура прапускала гэтыя лісты, не звяртаючы ніякай увагі на тэксты. 28 снежня Пратасеню быў вынесены прысуд - 14 гадоў пазбаўлення волі. На судзе ён агучыў маці, каб не падавала касацыйную скаргу, бо ён жыць не будзе. Я, як маці, таксама пісала яму ліст з просьбай спыніцца. Адказ яго я дасылаю Вам. І вось 5 студзеня хлопца дасталі з пятлі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай ЦБ, у аддзяленні рэанімацыі. Мне ўдалося звязацца з лекарам гэтага аддзялення, які паведаміў мне, што стан Ягора вельмі цяжкі, ён падлучаны да апарата і знаходзіцца ў коме. Я пішу гэта Вам, бо такое бязмежжа ўжо вельмі дастала ўсіх маці і жонак. Мы не маем намеру больш маўчаць і цярпець гэта. Вось як распараджаюцца лёсамі нашых родных. Дэкрэт №6, а разам з ім і словы нашага кіраўніка дзяржавы: "каб сядзелі і смерці прасілі..." ўвасабляецца ў жыццё! Дапамажыце, падкажыце, куды звяртацца нам, маці і жонкам? Трэба, каб пакаранне панеслі і гэтыя вяршыцелі лёсаў людскіх! Думаю, Вы адгукнецеся на "крык душы" нашых маці. З павагай. Ларыса Аляксандраўна".

Псіхалагічны надлом у Ягора Пратасені надарыўся пасля катаванняў і здзекаў пад час следства і ўтрымання яго пад вартай. Вось як ён піша пра гэтую сітуацыю у апошнім лісце да Ларысы Жыгар:

«Я лічу, што ў маёй сітуацыі самагубства вырашыць праблему самавольства, нялюдскасці і справядлівасці. Я пакіну запіску перад тым, як здзейсніць самагубства, у гэтай запісцы я растлумачу прычыну свайго ўчынку, а прычына мая заключаецца ў тым, што я не вытрымаў псіхалагічнага ціску, паколькі я часта міжволі згадваю пра тое, як мяне катавалі і я не магу даказаць, што мяне катавалі, таму што Упраўленне ўласнай бяспекі ігнаруе маю заяву ўжо каля 5 месяцаў. У заяве я ўказаў, што згодны даць паказанні на «Паліграфе», каб даказаць, што мяне катавалі і даказаць праўдзівасць ўсіх тых метадаў катаванняў, якія да мяне ўжывалі. Мне не застаецца нічога іншага, як даказаць праўдзівасць сваіх слоў самагубствам. Пасля гэтага абавязкова пакараюць аддзел наркакантролю, які мяне катаваў, паколькі любы псіхолаг пацвердзіць, што ні адзін чалавек не пакончыць жыццё самагубствам проста так. Пасля таго як пакараюць гэты аддзел, іншыя аддзелы перастануць катаваць і прымяняць фізічную сілу да затрыманых, таму што будуць баяцца, што хто-небудзь паступіць гэтак жа як я…. Маё самагубства таксама дапаможа вашай групе дамагчыся агульнай вашай мэты: выкарастанне умоўна-датэрміновага вызвалення, замене рэжыму, прымяненне амністыі, аслабіць частку 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса»

 

Як паведаміла Беларускаму Радыё Рацыя кіраўнік ініцыятывы «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар, трагічны выпадак з’яўляецца яскравым адказам таго, што адбываецца за мурамі турмаў і схавана ад грамадскасці:

— Як здзекаваліся з хлопца: калі яго затрымаў наркакантроль Салігорска, яму на галаву надзявалі процівагаз і перакрывалі кісларод. У спіну яму кідалі дроцікі ад дартса. Каля вены трымалі шпрыц з карычневай вадкасцю і прасілі расказаць: дзе наркотыкі. А калі не скажаш, дык мы табе гэтыя наркотыкі ўвядзем у вену. Ля ягонага цела трымалі электрашокер, яго збівалі, адзін з супрацоўнікаў зняў нагавіцы і памачыўся на яго.

Сёння стала вядома, што кіраўнік ініцыятыўнай групы па стварэнні сацыяльна – асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларыса Жыгар звярнулася з адкрытым лістом  да прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць хвалю катаванняў у дачыненні да асуджаных асобаў і тых, хто знаходзіцца пад следствам. 
Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў даследчую праверку па факце спробы самагубства асуджанага ў турме ў Жодзіна.

Старонка з ліста Ягора Пратасені.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства