viasna on patreon

Кампенсацыі за вытворчую траўму асуджаны дамагаецца пяты год

2016 2016-01-13T15:18:26+0300 2016-01-14T18:44:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/babr-kalonija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У студзені 2011 года асуджаны Андрэй Князькоў атрымаў траўму на вытворчасці ў Магілёўскай калоніі, дзе адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі. Пры працы на такарным станку вылецела цяжкавагавая дэталь, якая трапіла ў галаву асуджанаму. Дактары Магілёўскай гарадской бальніцы дыягнаставалі адкрытую чэрапна-мазгавую траўму - уціснуты пералом лобнай косткі са змяшчэннем абломкаў, удар галаўнога мозгу.

Пасля гэтага ён некалькі гадоў дамагаўся права атрымаць матэрыяльную кампенсацыю. За год да вызвалення ён звярнуўся ў Праваабарончы цэнтр "Вясна", апісаў сваю сітуацыю і на працягу гэтага часу атрымлівае юрыдычную падтрымку.

Праз амаль 5 гадоў суд усё ж такі адбыўся, хоць толькі часткова задаволіў іскавыя патрабаванні.

Зараз Андрэй Князькоў больш за месяц знаходзіцца на волі, дзе працягвае адстойваць свае правы, і асабіста змог распавесці сваю гісторыю.

Пра вытворчую траўму ў калоніі

Мы працавалі ў цэху па металаапрацоўцы, рабілі дэталі для Магілёўскага автамабільнага завода. У нас сабраўся нармальны калектыў на вытворчасці, з'явіўся добры заказ, мы выконвалі яго недзе паўтара года. Потым адміністрацыі захацелася пашырыць гэтую вытворчасць да новага года, яна прывезла новае абсталяванне, новыя дэталі пад новы заказ. Але атрымалася так, што пад новае абсталяванне не было станкоў і адпаведных прыстасаванняў. Адміністрацыя прывезла такарны станок, але непадыходзячага класа, якія быў перароблены ўжо ў рамонтнай брыгадзе самой калоніі, дзе станок падагналі пад патрэбныя памеры.

Аднак, пераробленае прыстасаванне развалілася адзін раз, потым другі. Я казаў майстру брыгады, што немагчыма працаваць на такім абсталяванні, але ён пакінуў пытанне без увагі. Калі ў трэці раз станок разваліўся, з яго выскачыла дэталь, якая ўдарыла мне па галаве, я адляцеў на некалькі метраў, было шмат крыві. Выпадак адбыўся ў начную змену, мне дапамаглі і адразу адвялі ў санчастку. Пасля гэтага мяне адвезлі ў бальніцу, дзе прааперавалі, а потым вярнулі ў санчастку калоніі.

За час, пакуль я знаходзіўся ў санчастцы, да мяне прыходзіў інспектар, які сказаў, што гэта вытворчая траўма з цяжкім зыходам, абяцаў, што ў складзе камісіі будзе праводзіцца праверка. Я не ўяўляю, як праходзіла праверка, што менавіта рабілася, бо ў гэты час ляжаў у бальніцы. Потым інспектар прыходзіў другі раз, зноў задаваў пытанні.

У выніку пад мае папярэднія адказы яны падстроілі тое, што ім было трэба, задалі дадатковыя наводзячыя пытанні і сышлі. Пры гэтым мне не сказалі, што я маю права прымаць удзел у правядзенні праверкі. Пра гэта я ўжо даведаўся пазней, калі пачаў знаёміцца ​​з матэрыяламі.

Пазней хлопцы, з якімі я працаваў, распавялі, што адразу пасля здарэння, абсталяванне ў тэрміновым парадку вярнулі на завод, там сказалі, што з шасці балтоў засталіся толькі два, ва ўсіх астатніх была сарваная разьба, і з-за гэтага адбылося разбурэнне, і ў выніку, мая траўма. А таксама сам станок быў усталяваны з парушэннямі.

Пад пільным кіраўніцтвам адміністрацыі калоніі і галоўнага інспектара ў наш цэх прывялі брыгаду рамонтнікаў, сказалі, што неабходна ліквідаваць наступныя недахопы: усталяваць станок на падушкі, зварыць абарону, якая павінна была быць першапачаткова на гэтым станку ўстаноўлена, зрабіць новыя фотаздымкі. Але адразу пасля няшчаснага выпадку рабіў фотаздымкі аператыўны работнік. І ў выніку ў матэрыялы справы на тытульную фатаграфію паставілі тую, якую зрабілі пасля, дзе былі ліквідаваныя недахопы, а ў сам фотаальбом - тыя фатаграфіі, якія былі зробленыя адразу. На іх відаць, што там няма ні абароны, няма вызначальнай працу інфармацыі, г.зн. грубыя парушэнні, з якімі за 15 дзён гэты станок быў уведзены ў эксплуатацыю.

Мяне з матэрыяламі праверкі не азнаёмілі і я пачаў спрабаваць пісаць скаргі, хоць да гэтага не меў уяўлення аб тым, як гэта рабіць. У калоніі неабходную інфармацыю можна атрымаць праз заяву, але толькі ў тым выпадку, калі ты ведаеш, які менавіта дакумент табе неабходны. Вывучыўшы дакументы, я запатрабаваў заключэнне па праверцы, якое змог атрымаць амаль праз 8 месяцаў пасля траўмы.

Але нешта абскардзіць можна, калі цябе слухаюць, а калі цябе ігнаруюць - прыходзяць адпіскі.

У выніку вытворчая траўма была ўстаноўлена, мяне не сталі рабіць вінаватым, таму што не хапіла нахабства, але яны не сталі ўвогуле вызначаць чыю-небудзь віну ў тым, што адбылося.

Суд адбыўся 7 снежня, за адзін дзень да майго вызвалення, хоць я звяртаўся з хадайніцтвам аб пераносе даты суда на больш позні тэрмін, каб прысутнічаць на пасяджэнні. Мабыць, яны праігнаравалі маю просьбу і нават не апавясцілі мяне пра гэта.

Рашэнне суда было ў маю карысць, але мае іскавыя патрабаванні - кампенсацыя маральнай шкоды ў 200 000 000 беларускіх рублёў - задаволеныя былі не цалкам. Суму па рашэнні суда скарацілі да 40 000 000. Цяпер я планую падаваць касацыйную скаргу, хоць і тут наймальнік ужо апярэдзіў мяне і замовіў для азнаямлення матывацыйную частку, бо палічыў запатрабаваную суму занадта высокай і вырашыў апратэставаць пастанову суда.

У сваёй касацыйнай скарзе наймальнік "Папраўчая калонія №2 г. Бабруйска" паказвае, што нібыта я не выконваў інструкцыю па ахове працы і менавіта гэта стала прычынай траўмы. А таксама просіць суд ўлічваць маю неаднаразовую судзімасць, характарыстыку з месца адбыцця пакарання, дзе сцвярджаецца, што я не стаў на шлях выпраўлення, і паменшыць сума спагнання з 40 000 000 на 10 000 000 беларускіх рублёў.

Пра заробак і налічэнні пенсіі

Раней у зняволенні выходзіць на працу можна было па жаданні. Можна было выходзіць на гадзіны дзве на падставе добраўпарадкавання тэрыторыі калоніі. І часта зняволеныя ішлі працаваць добраахвотна, таму што калі няма знешней дапамогі, то пражыць вельмі цяжка. Цяпер жа ўсіх асуджаных у калоніі пераводзяць на 8-гадзінны працоўны дзень у прымусовым парадку.

На момант працы ў цэху металаапрацоўкі ў 2011 годзе я атрымліваў каля ста тысяч беларускіх рублёў на рукі. Але іншыя зняволеныя атрымлівалі па 20-30 тысяч, а то і менш.

Пасля траўмы мне далі 3-ю групу інваліднасці з абмежаваннямі па працы. Тут мне трошкі дапамог начмед, які выдаў заключэнне аб прыдатнасці да няпоўнага працоўнага дню, і яшчэ два гады я змог працаваць у швейным цэху.

Мне адразу не хапала стажу для афармлення пенсіі, і таму я яшчэ два гады працаваў у швейным цэху, куды перавёўся пасля траўмы. Калі я падаў дакументы на пенсію, аказалася, што амаль з 5 гадоў працы ў мяне выйшла ўсяго толькі 4 месяцы стажу. Аказваецца, што па пенсійным заканадаўстве, працоўны стаж налічваецца ў залежнасці ад мінімальнай заработнай платы. Г.зн. як толькі чалавек зарабляе мінімальную заработную плату - яму залічваецца адзін месяц працоўнага стажу. Самае смешнае, што людзі ў калоніях гэтага нават не ведаюць, і калі ім пачынаеш распавядаць - яны не вераць.

У верасні я настаяў, каб мне аформілі сацыяльную пенсію, якая ў месцах пазбаўлення волі не выплочваецца. Адміністрацыя хадзіла-крычала, што нічога атрымліваць я не буду, хацелі, каб я адмовіўся ад заявы. Сацыяльную пенсію ўсё ж прызначылі ў верасні 2014 года.

Пазней мне ўдалося сабраць усе дакументы, адправіць іх і праз год, у сакавіку 2015, я змог ім даказаць, што мне павінна выплочвацца працоўная пенсія. Мне яе прызначылі і прапанавалі звярнуцца за пераразлікам, паколькі раней мне была аформлена сацыяльная пенсія. Я звярнуўся за такім пераразлікам, але так яго і не атрымаў. Мне проста пачалі плаціць пенсію з сакавіка. Тады я вельмі моцна пакрыўдзіўся, сабраў усе дакументы і накіраваў іх Магілёўскі аблвыканкам, які разам з Дэпартаментам выканання пакаранняў правёў праверку і пастанавіў, што калонія вінаватая ў тым, што мне не прызначылі пенсію своечасова і яна нясе матэрыяльную адказнасць. І я магу звярнуцца да іх з прэтэнзіяй, і потым у суд. Зараз я чакаю рэакцыі ад адміністрацыі калоніі, але адступаць не планую.

Аб вызваленні і рэсацыялізацыі

Калі я знаходзіўся ў калоніі мне можна было атрымліваць 3 пасылкі ў год і дадаткова - адну рэчавую. І яшчэ адна рэчавая пасылка можа быць за месяц да вызвалення. Пра гэта я прачытаў у Крымінальна-выканаўчым кодэксе. Я збіраў грошы з пенсіі і перавёў іх знаёмаму, які купіў мне рэчы да вызвалення. Але знаёмы выслаў пасылку раней, чым меркавалася. Каб атрымаць яе, я напісаў адпаведную заяву, папярэдзіў начальніка атрада і папрасіў яго патэлефанаваць на пасылачную станцыю, каб папярэдзіць, што мне прыйдуць рэчы на ​​вызваленне. Калі ён патэлефанаваў, пасылку ўжо адправілі назад. Хоць я не атрымаў за год ні адной пасылкі, мне ўсё роўна прыйшлося ехаць у Мінск у турэмнай вопратцы.

Пасля вызвалення былым асуджаным не аказваецца амаль ніякай дапамогі. У мяне няма рэгістрацыі, але ўсё-такі дастаткова хутка ўдалося засяліцца ў дом начнога знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства. Хоць умовы пражывання там не самыя лепшыя, але выбіраць не даводзіцца. Зараз я ў працэсе атрымання рэгістрацыі, толькі пасля гэтага змагу стаць на ўлік у цэнтры занятасці насельніцтва.

Акрамя ўсяго іншага ў мяне паўсталі складанасці з медыцынскім абслугоўваннем і зніжкай на медыкаменты. Немагчыма нічога дабіцца без рэгістрацыі.

Акрамя таго, хачу адмовіцца ад абмежаванняў па працы, бо упэўнены, што з такімі абмежаваннямі па фізічным здароўі ні адзін наймальнік мяне не возьме. Але траўма занадта сур'ёзная, інваліднасць зняць не могуць, а значыць не здымуць і абмежаванняў на працу. Ці змагу я знайсці працу - не ведаю.

Раней было складана ў матэрыяльна плане, але цяпер яшчэ цяжэй.

У дадзены момант Андрэй Князькоў разам з праваабаронцамі падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна г. Мінска і чакае паўторнага разгляду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства