viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2015 г. Аналітычны агляд

2016 2016-01-22T12:26:03+0300 2016-01-28T14:11:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ahliad_2015_be.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2015 г.

Аналітычны агляд

Асноўныя высновы:

- далейшая эскалацыя расійска-ўкраінскага крызісу і змены геапалітычнай сітуацыі вакол Рэспублікі Беларусь аказвалі істотны ўплыў на знешнюю і ўнутраную палітычную сітуацыю ў краіне, а таксама на грамадскую думку на працягу ўсяго 2015 года;

- 22 жніўня 2015 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта аб памілаванні былі вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі шасцёра палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Юры Рубцоў, Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч і Арцём Пракапенка. У якасці кроку ў адказ ЕС і ЗША прыпынілі дзеянне раней уведзеных у дачыненні да Беларусі абмежавальных санкцый;

- вызваленне палітвязняў было ажыццёўлена ўладамі без зняцця судзімасці, што на практыцы азначае наяўнасць рознага роду абмежаванняў іх грамадзянскіх і палітычных правоў (немагчымасць балатавацца на выбарах усіх узроўняў, ажыццяўленне ў дачыненні да іх нагляду), магчымасць прымянення больш жорсткіх захадаў кантролю з боку праваахоўных і судовых органаў на працягу ўсяго перыяду да пагашэння судзімасці. Такім чынам, патрабаванне ЕС аб поўнай рэабілітацыі палітвязняў засталося невыкананым ўладамі краіны;

- пачынаючы са жніўня 2015 года, у краіне абазначыліся некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі ў галіне правоў чалавека, якія выяўляліся ў адмове ад практыкі гвалтоўнага спынення несанкцыянаваных мірных сходаў і арыштаў іх арганізатараў і ўдзельнікаў, а таксама ў прыпыненні да канца года практыкі адміністратыўнага пераследу незалежных журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Аднак цалкам адмовіцца ад практыкі адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў мірных сходаў і журналістаў-фрылансераў ўлады так і не змаглі;

- у цэлым, ніякіх сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне на працягу 2015 года, не адбылося. Асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы заставаліся абмежаванымі на заканадаўчым узроўні. Нягледзячы на агульнае зніжэнне маштабу рэпрэсій, узровень кантролю над грамадствам заставаўся вельмі высокім;

- асаблівую занепакоенасць выклікаюць выпадкі аказання ціску на праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем iмi мірнай дзейнасці па абароне правоў іншых асобаў: гэта высылка з краіны праваабаронцы Алены Танкачовай, а таксама выпадкі ціску на праваабаронцу Леаніда Судаленку;

- нягледзячы на вызваленне палітвязняў, раней распачатыя палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да Алеся Міхалевіча, кандыдата ў Прэзідэнты на выбарах 2010 года, які вярнуўся з іміграцыі ў Беларусь, журналіста і аглядальніка тыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна, моладзевых актывістаў анархісцкага руху Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава цягам 2015 г. так і не былі спыненыя. У калоніі працягвае знаходзіцца заснавальнік ліквідаванай прыватнай культурна-асветніцкай установы «Платформ Инавейшн» Міхаіл Жамчужны, крымінальны пераслед якога быў прызнаны беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітычна матываваным;

- выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 11 кастрычніка, прайшлі без прымянення гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў улады, аднак сам выбарчы працэс не адпавядаў асноўным міжнародным стандартам правядзення дэмакратычных і свабодных выбараў: адсутнічаў роўны доступ да сродкаў інфармацыі для ўсіх кандыдатаў, адсутнічалі бесстароннія выбарчыя камісіі, актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс на карысць дзейнага кіраўніка дзяржавы, шэраг выбарчых працэдур насіў закрыты для назіральнікаў характар. Найбольш важнай падставай для крытыкі выбараў застаецца адсутнасць празрыстасці падліку галасоў, што не дазваляе лічыць аб'яўленыя вынікі выбараў адлюстраваннем волевыяўлення выбаршчыкаў;

- Беларусь працягвала практыку вынясення і прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў. На працягу 2015 г. стала вядома аб двух такіх прысудах: у дачыненні да жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова і жыхара Лідскага раёна Івана Куляша;

- у 2015 годзе ўлады працягнулі практыку ўвядзення элементаў прымусовай працы на заканадаўчым узроўні. Ухвалены заканадаўцамі Дэкрэт №3 Прэзідэнта абавязаў некаторыя катэгорыі непрацуючых грамадзянаў да выплаты спецыяльнага збору па кампенсацыі расходаў дзяржавы ў сацыяльнай сферы. У выпадку нявыплаты такога збору грамадзяне падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку, у выглядзе адміністрацыйнага арышту з абавязковым прыцягненнем да працы;

- нягледзячы на актыўны ўдзел Беларусі ў працэдуры другога раўнда Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН, улады працягвалі палітыку выбарчага супрацоўніцтва ў межах дамоўных абавязальніцтваў ААН: рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН па індывідуальных зваротах грамадзянаў Беларусі ўладамі не выконваліся, а мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, заснаваны Саветам па правах чалавека ААН, ігнараваўся.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства