Сёння працягнецца суд над актывістамі, якія выявілі пратэрмінаваныя прадукты і абвінавачваюцца ў хуліганстве
У Баранавічах адбываецца судовы працэс над Рыгорам Грыкам і Аляксандрам Вайцешыкам. Актывістаў вінавацяць у хуліганстве ў краме “Mart Inn”.
Паводле міліцэйскага пратакола, які быў складзены на актывістаў па заяве загадчыцы крамы Вольгі Борыс, Грык з Вайцешыкам “з хуліганскіх перакананняў, выказваючы яўную непавагу да грамадства, перагарадзілі праход паміж касамі вазочкам, чым здзейснілі наўмысныя дзеянні, парушаючыя спакой грамадзянаў”.
Загадчыца знайшла і сведкаў. Імі аказаліся ахоўнік з крамы Вадзім Карачун і яго бацька Вячаслаў Карачун, які “выпадкова зайшоў за цыгарэтамі”. На папярэднім судовым паседжанні яны намагаліся давесці, што Грык і Вайцешык наўмысна прыйшлі ў краму, каб стварыць канфлікт. Сведкі распавялі, колькі непрыемнасцяў Грык і Вайцешык прынеслі пакупнікам. Сведка Вячаслаў Карачун нават пісаў заяву аб паводзінах актывістаў: “Стаіць, усміхаецца (пра Вайцешыка), з фотаздымачом здымае усё гэта… Вайцешык наўмысна перагарадзіў гэты выхад, паўтараю – наўмысна. Усміхаецца і глядзіць. Жанчыны перад сабой цягнуць гэтыя кошыкі, поўныя тавару, учыняе ім фізічны боль, маральную шкоду наносіць… Гэта ўсё наўмысныя дзеянні з боку Вайцешыка,” – распавядаў сведка Вячаслаў Карачун.
Па словах баранавіцкага праваабаронцы Сяргея Гоўшы, - гэта поўны абсурд. Абвінавачваюць пакупніка, а не дырэктарку, якая дапусціла пратэрмінаваны тавар на паліцах.
Нагадаем, што 20 і 22 снежня Рыгор Грык з Аляксандрам Вайцешыкам выявілі пратэрмінаваны тавар у краме“Mart Inn”. Адпаведныя службы, выкліканыя актывістамі, зафіксавалі гэты тавар і пакаралі дырэктарку Борыс штрафам. Такі тавар быў знойдзены па ўсіх сетках крамы “Mart Inn”. Каб адпомсціць актывістам Борыс напісала заяву ў міліцыю і ахарактарызавала дзеянні Грыка і Вайцешыка як хуліганскія.
1 лютага судовы працэс працягнецца.