У інтэрв’ю Deutsche Welle дакладчык камітэта па юрыдычных пытаннях і правох чалавека ПАСЕ Хрыстос Пургурыдэс адзначыў, што ягонае расследаванне у справе зніклых апазыцыянераў мусіць працягнуцца ў снежні. Справа ў тым, што шэраг планаваных сустрэчаў у спадара Пургурыдэса ў Менску не адбыліся па віне прымаючага боку.
«Прыводзіліся розныя прычыны. Па словах прадстаўнікоў уладаў некаторыя людзі цяпер не знаходзяцца ў Мінску. Датычна чатырох чалавек, якія асужданыя і знаходзяцца ў турме па справе аб выкраданні Змітра Завадскага, то нам было прапанавана для арганізацыі сустрэчы з імі звярнуцца з пісьмовым запытам да Генеральнага пракурора» -- адзначыў у інтэрв'ю Deutsche Welle Хрыстос Пургурыдэс.
Ён таксама сказаў, што кіраўнік МУС Наумаў, Генеральны пракурор Шэйман і міністар спорту і турызму Сівакоў у часе сустрэчы адказалі на ягоныя пытанні. Сустрэча з прэзыдэнтам Лукашэнкам не плануецца.
На пачатку снежня спадар Пургурыдэс прыедзе ў Менск для падрыхтоўкі дакладу для палітычнага камітэту ПАСЭ аб уціску прэсы ў Беларусі. У часе гэтага другога візіту ён плануе правесці сустрэчы, якія не адбыліся ў часе першага візіту ў Мінск.
«З тымі, з кім мне не ўдалося ўбачыцца, я паспрабую сустрэцца ў часе майго другога візіту ў Беларусь і даклад па зьніклых будзе падрыхтаваны пасля майго другога прыезду ў Беларусь. – сказаў у інтэрв’ю Deutsche Welle Хрыстос Пургурыдэс. -- Пакуль я не магу сказаць, якія высновы я раблю са сваёй паездкі, да таго часу, пакуль я не прадстаўлю мой даклад камітэту. Пакуль мая місія праходзіць даволі паспяхова, магу сказаць, што я атрымаў у часе майго знаходжання ў Мінску надзвычайна важную інфармацыю, якая ляжа ў аснову грунтоўнага даклада».
Што да ацэнкі намаганняў беларускіх уладаў па пошуку зніклых апанентаў рэжыму, Хрыстос Пургурыдэс адзначыў: ”Справа ў тым, што я прыехаў у Мінск для таго, каб высветліць менавіта гэтае пытанне. Таму я не магу сказаць наколькі да канца яны выканалі свой доўг у плане завяршэння расследавання. Маё ўласнае расследаванне яшчэ не завершана.”