Фігурантаў “справы графіцістаў” не пакідаюць у спакоі
У тэлесюжэце праграмы «Галоўны эфір», які быў паказаны па Беларускаму тэлебачанню ў нядзелю, 7 лютага, гледачам ізноў нагадалі пра фігурантаў “справы графіцістаў” Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава.
Прычым, у тэлесюжэце дэманстраваліся аўдыёзапісы тэлефонных перамоваў юнакоў, хаця на судзе агучваліся толькі іх раздрукоўкі.
Дзіўным выглядае таксама той факт, што з матэрыялаў справы ў тэлесюжэт патрапіла размова пра шпрыц, пра які шмат казалася падчас судовага паседжання, з дапамогай яго хлопцы збіраліся запампоўваць фарбу ў лямпачкі, якія потым былі выкарыстаныя для псавання бігбордаў.
А перад гэтым да бацькоў аднаго са стваральнікаў патрыятычнага графіці Вадзіма Жаромскага наведаўся участковы міліцыянер, які спрабаваў даведацца, ці не маляваў ён у апошні час новых графіці.
“Мы чакалі горшага, але радавацца рана, – кажа Вадзім Жаромскі пра прысуд у інтэрвію для Белсата. – Ціск не спыніўся. На днях да маіх і Максімавых бацькоў прыходзілі следчыя і міліцыя. Казалі, што ў Смаргоні і Маладзечна нейкія незразумелыя малюнкі з’явіліся: «Хутчэй за ўсё, гэта вашыя дзеці».
І вось свежы факт. 9 лютага іншым сваякам хлапцоў на працы супрацоўнік у цывільным паведаміў, што на “графіцістаў” “абвешчана паляванне, зараз яны так проста не выкруцяцца, сядуць “за наркату” на працяглыя тэрміны ад 7 гадоў”.
І гэта пры тым, што юнакі неаднойчы заяўлялі, што з’яўляюцца прадстаўнікамі субкультуры Straight Edge, вядуць здаровы лад жыцця, не ўжываюць алкаголь, не паляць, і выступаюць супраць наркотыкаў.
Відавочна, што ўлады хочуць стварыць негатыўны вобраз з беларускамоўных стваральнікаў патрыятычных графіці.
Нагадаем, 29 студзеня суддзя суду Фрунзенскага раёна Ала Скуратовіч вынесла рашэнне прызнаць юнакоў вінаватымі ў псаванні маёмасці і пакарала штрафамі: Пякарскаму — 40, Касінераву — 30, Жаромскаму — 50 базавых велічынь.8 лютага усе трое падалі ў Менскі гарадскі суд касацыйныя скаргі на рашэнне суду Фрунзенскага раёна.