viasna on patreon

Як беларускія банкі дыскрымінуюць беларускамоўных

2016 2016-02-12T13:47:00+0300 2016-02-12T13:47:39+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/belaruskaja-mova-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З праблемай дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце сутыкнуўся жыхар Мінска Юрый Магонаў. У жніўні 2015 года ён звярнуўся ў “Беларусбанк” і пры ўнясенні інфармацыі аб плацельшчыку напісаў сваё імя на адной з двух дзяржаўных моваў –  па-беларуску.

Пасля атрымання адмовы прыняць дадзеныя на беларускай мове ад спецыяліста банка Саланевіча С.В., Юрый Магонаў папрасіў кнігу заўваг і прапаноў. У ёй ён падрабязна вытлумачыў сітуацыю, а пазней атрымаў фармальны адказ, што ніякіх парушэнняў з боку “Беларусбанка” і яго супрацоўнікаў няма. Пасля грамадзянін звярнуўся ў Пракуратуру Савецкага раёна горада Мінска, аднак атрымаў такую ж адпіску.

Апошні адказ яму даслала кіраўніцтва “Беларусбанка”. У ім паведамляецца, што “ў праграмным забеспячэнні, эксплуатуемым у ААТ “ААБ Беларусбанк”, фарміраванне дакументаў на беларускай мове не ажыцяўляецца”. Кіраўніцтва банка таксама паведаміла Юрыю Магонаву, што не бачыць ніякіх парушэнняў у працы сваіх спецыялістаў.

“Адначасова інфармуем, што пытанне фарміравання выхадных форм па аперацыях з фізічнымі асобамі на беларускай мове для банка з’яўляецца актуальным і знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі”, - змяшчаецца ў адказе.

Варта адзначыць, што гэтая “прапрацоўка” доўжыцца ўжо больш за 10 гадоў. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь у сваім лісце ад 21.01 2004 года прапаноўваў банкам пры аказанні паслугаў насельніцтву забяспечыць магчымасць выкарыстання як рускай, так і беларускай моваў. Таксама ў рашэнні Канстутыцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2003 года на зварот “Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны” паведамляецца, што згодна з Законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” грамадзянам гарантуецца права на карыстанне іх нацыянальнай мовай ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Нагадаем, з падобнай сітуацыяй дыскрымінацыі беларускай мовы ў банкаўскай сферы сутыкнуўся і актывіст Генадзь Лойка, які з 2012 году дамагаецца ад кіраўніцтва «Белінвестбанка» магчымасці абслугоўвацца па-беларуску. Банк адмаўляў яму ў гэтым, спасылаючыся на «тэхнічныя прычыны», а кіраўніцтва банка лічыць «немэтазгоднай» замену тэхнічнага забеспячэння з прычыны высокай затратнасці, хаця заканадаўства Беларусі прадугледжвае роўныя ўмовы ў выкарыстанні грамадзянамі абодвух дзяржаўных моў ва ўсіх сферах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства