viasna on patreon

Наймальнік хоча пазбавіць Андрэя Князькова кампенсацыі за вытворчую траўму

2016 2016-02-12T15:54:04+0300 2016-02-12T15:56:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rupp_ik2.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота з сайта www.rup2.by

Фота з сайта www.rup2.by

3 лютага адбыўся суд па касацыйнай скарзе адказчыка РУВП «Папраўчая калонія №2 г. Бабруйска» па справе аб частковым задавальненні іску на карысць Андрэя Князькова, які атрымаў вытворчую траўму ў калоніі.

Адказчык напісаў дадатак да пададзенай раней касацыйнай скаргі, дзе сітуацыя была прадстаўлена такім чынам, што траўма асуджаным была атрымана ў выніку няшчаснага выпадку не крыніцай павышанай небяспекі, а нарыхтоўкай, якая выляцела са станка. На думку наймальніка, нарыхтоўка, што вылецела, крыніцай падвышанай небяспекі не з'яўляецца і кампенсацыі маральнай шкоды Андрэю Князькова не павінна быць.

Выслухаўшы довады бакоў, Магілёўскі абласны суд па касацыйнай скарзе пакінуў пастанову суда Кастрычніцкага раёна г. Магілёва аб частковым задавальненні іску ў памеры 40 000 000 беларускіх рублёў без зменаў.

У размове пасля паседжання прадстаўніца наймальніка папярэдзіла, што кампенсацыі Андрэй Князькоў будзе дамагацца вельмі доўга і ў выніку нічога не атрымае.

«Прадстаўнікі наймальніка хацелі цалкам перакласці віну на мяне, што я сам сабе наўмысна нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні і не маю права на маральную кампенсацыю. Дапоўнілі касацыйную скаргу тым, што нарыхтоўка не з'яўляецца крыніцай павышанай небяспекі. Пры гэтым суд не прыняў да ведама і не ўлічыў той факт, што я перанёс другую нейрахірургічнай аперацыю», - кажа Андрэй Князькоў.

Цяпер ён плануе падаць скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, паколькі прыняцце рашэння аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце парушэння правілаў тэхнікі бяспекі прымалася менавіта па заключэнні дзяржаўнага інспектара, які ўстанавіў, што траўма была атрымана ў выніку няшчаснага выпадку; віна РУВП не вызначалася. Дзяржінспектар сцвярджаў, што Андрэй Князькоў сам дапусціў парушэнні тэхнікі бяспекі і атрымаў вытворчую траўму. Былы асуджаны не згодны з такім палажэннем справаў і мае намер дамагацца ўстанаўлення вінаватага.

Юрыст Праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка звяртае ўвагу:

«Год таму, у першым квартале 2015 года, абарот прадпрыемстваў Дэпартамента выканання пакаранняў склаў 165 мільярдаў беларускіх рублёў. Трэба разумець, што за гэтымі паказчыкамі - амаль бясплатная праца зняволеных. У чатырнаццаці прадпрыемствах ДВП нават за кваліфікаваную працу выплачваюцца, як правіла, сумы, якія ледзь пакрываюць кошт харчавання і жыллёва-камунальных паслугаў, якія спаганяюцца са зняволеных. З асуджанымі не заключаюцца працоўныя дагаворы, яны пазбаўленыя многіх правоў і гарантый, якія ёсць у звычайных работнікаў. За адмову працаваць яны могуць быць падвергнутыя розным пакаранням.

У гэтых умовах аб захаванні правіл бяспекі адміністрацыя прадпрыемстваў ДВП задумваецца, відавочна, нячаста. Вось і Андрэй Князькоў быў вымушаны працаваць на станку 60-х гадоў, сабраным і пераробленым практычна ў саматужных умовах, без ахоўных прылад. Чалавеку, які цудам застаўся ў жывых, перанёс дзве складаныя аперацыі, кінулі падачку - 40 мільёнаў зняцэньваючыхся рублёў. Гэта, вядома, проста здзек. І пазіцыя адказчыка - здзек, цалкам характэрны для сённяшняга МУС: станок - крыніца падвышанай небяспекі, а дэталь, што вылецела з яго, - не. Па той жа логіцы, міліцыянт, які збіў дубінкай затрыманага не вінаваты: пашкоджанні прычыніў не ён, а дубінка».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства