Праваабаронцы пачалі акцыю “Спыні самавольства ў арміі – пратэстуй супраць дзедаўшчыны!”
Гомельскія праваабаронцы распачалі кампанію па актуалізацыі праблемы нестатутных адносін ва ўзброеных сілах Беларусі. Пачатку кампаніі паслужыла здарэнне, якое адбылося ў вайсковай частцы №92616 (Брэст), адкуль 3 лютага збеглі два салдаты, прызваныя ў войска з райцэнтра Ветка, што на Гомельшчыне. Сваякі салдат заяўляюць, што пайсці на крайнія меры маладых салдат вымусілі пагрозы, збіццё і жорсткасць з боку стараслужачых.
Праваабаронцы лічаць, што гэты выпадак, на жаль, з'яўляецца пацвярджэннем той практыкі, калі нестатутныя адносіны ва ўзброеных сілах у належнай меры не спыняюцца службовымі асобамі ваенных частак і задаюцца пытаннем, што робяць камандзіры вайсковай часткі ў прыватнасці і вышэйшае камандаванне беларускай Арміі ў цэлым, што б нестатутныя адносіны перасталі быць паўсядзённым нормай.
"Афіцыйна ўлада пераконвае нас у адсутнасці нестатутных адносінаў у беларускай арміі. Выпадак, які адбыўся з маладымі салдатамі з райцэтра Ветка даказвае адваротнае - "дзедаўшчына" не толькі працягвае сваё пераможнае шэсце ў беларускім войску, яна фактычна ператварылася ў катаванні. Мы не верым, што аб гэтых катаваннях не ведала камандаванне часткі!", - заявіў праваабаронца Леанід Судаленка.
Праваабаронцы заклікаюць кожнага неабыякавага да ўзнятай праблемы грамадзяніна праявіць салідарнасць, падпісаць зварот да Міністра абароны з просьбай спыніць заганную практыку нестатутных адносін, якая рэалізуецца падначаленымі яму вайскоўцамі.
Больш падрабязна аб здарэнні ў вайсковай частцы №92616 можна даведацца тут.