Шушкевіч, Мілінкевіч і Бяляцкі сустрэліся з польскімі ўрадоўцамі
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч і старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі 16 лютага ў Варшаве правялі перамовы з дзяржсакратаром канцэлярыі прэм’ер-міністра Адамам Ліпіньскім і дзяржсакратаром Міністэрства замежных спраў Польшчы Марэкам Зёлкоўскім.
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці абмяняліся думкамі пра бягучую сітуацыю ў Беларусі, зняццё санкцый Еўразвяза з беларускіх уладаў, сітуацыю з правамі чалавека, а таксама працяг падтрымкі беларускіх медыя-праектаў, якія рэалізуюцца пры дапамозе Польшчы. Пра гэта ў інтэрв'ю Беларускаму Радыё Рацыя паведаміў Алесь Бяляцкі:
— Размова ішла пра бягучую сітуацыю ў Беларусі і палітычную сітуацыю, сітуацыю з правамі чалавека і тую ролю, якую Польшча адыгрывае ў палітыцы суседства, бо мы з’яўляемся суседнім дзяржавамі, і Польшча для нас заўсёды была вельмі сур’ёзным і значным суседам у падтрымцы дэмакратыі і дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі. Мы абмяркоўвалі праекты, якія традыцыйна падтрымлівала Польшча ў апошнія гады, я маю на ўвазе медыя-праекты «Радыё Рацыя», «Белсат», таксама гаварылі пра падтрымку незалежных сайтаў, маецца на ўвазе Хартыя-97, сайт, які знаходзіцца тут, у Польшчы. Ну і таксама пра навучальныя праграмы, што былі арыентаваныя на студэнтаў, якія падвергнуліся рэпрэсіям і пра падтрымку супрацы няўрадавых арганізацыяў польскіх і беларускіх. Размова ішла пра тое, каб у гэтай сітуацыі пацяплення адносінаў паміж дзяржаўным Менскам і Еўразвязам падтрымка грамадзянскай супольнасці Беларусі з боку Польшчы не змяншалася, а заставалася на высокім роўні. Для нас важна, каб Беларусь заставалася прыярытэтам у знешняй палітыцы Польшчы і ў парадку дня польскіх палітычных сілаў. Нашай задачай было данесці свежую інфармацыю, абмяняцца думкамі, выказацца па ўнутранай сітуацыі ў Беларусі, пачуць ад польскіх палітыкаў іх пункт гледжання.
РР: Як віцэ-міністр Марэк Зюлкоўскі адрэагаваў на інфармацыю, якую Вы данеслі, наколькі яны ведаюць сітуацыю ў Беларусі і як каментуюць адмену санкцыяў?
— Я скажу, што без вялікага аптымізму, але вельмі цвяроза яны ацэньваюць сітуацыю з пацяпленнем у адносінах. Ёсць нейкія пытанні, як польскаму боку бачыцца трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні: гэта пытанне прымежнага супрацоўніцтва, і пытанне большых кантактаў паміж галінамі гаспадаркі і ўвогуле дзяржаваў. Яны разглядаюць гэта, як магчымы шанец, для паляпшэння стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю. Але я яшчэ раз паўтару, што ўсё гэта базе вялікага і неапраўданага аптымізму. Яны глядзяць на ўсё гэта даволі рэалістычнымі вачыма.
РР: Што тычыцца праектаў, пра якія вы ўзгадалі: беларускія медыя-праекты і і ншыя, ці запэўнівалі польскія чыноўнікі, што працягнецца падтрымка гэтых праектаў?
— Польскі бок і польскія палітыкі разумеюць важнасць гэтых праектаў для беларускай грамадзянскай супольнасці. Яны разумеюць, што іхная каштоўнасць у доўгатэрміновасці і магчымасці аб’ектыўнай працы незалежна ад таго, што адбываецца ў самой Беларусі: ці павялічваюцца там рэпрэсіі ці памяншаюцца. За гады існавання гэтыя праекты даказалі сваю вялікую карысць, яны неабходныя для падтрымання роўню дэмакратычнай інфармацыйнайсці і падтрымання грамадскіх актывістаў у Беларусі, і гэтае разуменне з польскага боку ёсць. Я лічу, што гэта вельмі важна, бо незразумела, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі. Як мы бачым, нават з сённяшніх навінаў, а гэта новыя звесткі пра чарговае смяротнае пакаранне, пра вяртанне ў Беларусі Алены Танкачовай, пра чарговыя вялікія штрафы ўдзельнікам акцыі ў Менску, — усё гаворыць пра тое, што Менск не моцна спяшаецца адрэагаваць на тыя прапановы і заўвагі, што былі выказаныя Еўразвязам у сувязі з адменай санкцыяў. Па словах Алеся Бяляцкага, і Марэк Зюлкоўскі і Адам Ліпінскі выказалі цвёрдую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці. Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся магчымыя візіты польскіх палітыкаў у Беларусь. Як адзначае Алесь Бяляцкі, гаварылася, што ў перспектыве міністр замежных справаў Польшчы плануе наведаць Менск. Раней стала вядома пра запланаваную паездку ў Менск Богдана Здраеўскага — старшыні дэлегацыі Еўрапейскага парламенту па стасунках з Беларуссю.
Па словах Алеся Бяляцкага, Адам Ліпіньскі і Марэк Зёлкоўскі не маюць вялікага аптымізму наконт пацяплення адносінаў з беларускімі ўладамі і вельмі цвяроза ацэньваюць сітуацыю. “Польскі бок разлічвае на вырашэнне праблемаў прымежнага супрацоўніцтва і большыя кантакты паміж галінамі гаспадаркі абедзвюх краінаў”, – падкрэсліў па выніках перамоў з польскімі палітыкамі старшыня ПЦ “Вясна”.