Стварэнне асобнай калоніі з невыноснымі ўмовамі ўтрымання супярэчыць асноўным прынцыпам міжнароднага і нацыянальнага права
У адпаведнасці з артыкулам 8 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, які замацоўвае асновы прававога становішча асуджаных, дзяржава гарантуе абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, забяспечвае ўстаноўленыя законам умовы прымянення пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці ў дачыненні да асуджаных, гарантыі сацыяльнай справядлівасці, іх сацыяльную, прававую і іншую абароненасць. Пры выкананні пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці асуджаным гарантуюцца правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь з абмежаваннямі, устаноўленымі крымінальным, крымінальна-выканаўчым i iншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У пачатку снежня 2014 года прэзідэнт Беларусі заявіў, што неабходна зрабіць больш жорсткім пакаранне за распаўсюд наркотыкаў і стварыць для наркагандляроў спецыяльныя калоніі з максімальна жорсткімі ўмовамі. Ўзмацненне жорсткасці пакарання - гэта хоць і спрэчнае з пункту гледжання абгрунтаванасці, але правамерная прапанова, якая не супярэчыць Канстытуцыі i iншым дакументам, якія вызначаюць правы чалавека. Аднак прапановы адносна ўмоваў утрымання такой катэгорыі зняволеных заслугоўваюць жорсткай крытыкі.
Прэзідэнт прапанаваў: «Для іх трэба стварыць невыносныя ўмовы ў месцах адбыцця гэтых тэрмінаў. Калі ў нас іх вельмі шмат, я не думаю, што іх у нас вельмі шмат, каб ствараць ім асобную калонію, але калі шмат, давайце адну з калоній адшкадуем для гэтага. Калі ў нас не хапае такіх людзей на адну калонію, давайце адно падраздзяленне, казарму ці яшчэ нешта ў калоніі строгага рэжыму, усталюем ім такі рэжым, каб яны, седзячы ў гэтай калоніі, прама скажу, смерці прасілі. Тое ж самае і для распаўсюджвальнікаў», - цытуе агенцтва «Інтэрфакс».
Стварэнне асобнай калоніі для пэўнай катэгорыі асуджаных з невыноснымі ўмовамі ўтрымання супярэчыць асноўным прынцыпам міжнароднага і нацыянальнага права. Арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абвяшчае аб тым, што ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню. Дадзены міжнародны дакумент ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь. Указаная фармулёўка аб забароне катаванняў і зневажальнага абыходжання прадубляваная ў арт. 25 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 3 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, каб рэалізаваць прапанаванае неабходна было альбо груба праігнараваць дзеючае заканадаўства, або ўнесці ў яго змяненні, фактычна узаконіўшы катаванні, гвалт і іншае жорсткае і прыніжаючае чалавечую годнасць абыходжанне з асуджанымі. Само па сабе пазбаўленне волі ўжо з'яўляецца пакараннем, і крымінальная адказнасць не мае сваёй мэтай прычыненне фізічных пакут альбо прыніжэньне чалавечай годнасці.
Як многія ўказанні прэзідэнта, гэтыя ініцыятывы маглі быць шчасна забытыя, аднак, як паказвае вывучэнне сітуацыі за мінулы перыяд, прапановы былі рэалізаваны ў дакладнай адпаведнасці з вызначанай мэтай.
На працягу 2015 году адбыліся масавыя адмены пастаноў судоў аб ўмоўна-датэрміновым вызваленні або замене пакарання на больш мяккае ў дачыненні да асуджаных па злачынствах у сферы незаконнага абароту наркотыкаў. У выніку асобы, якія прызнаваліся цвёрда стаўшымі на шлях выпраўлення або даказаць сваё выпраўленне, зноў накіроўваліся ў калоніі для адбыцця пакарання. Масавы характар такой з'явы дазваляе сумнявацца ў тым, што пастановы прымаліся з захаваннем гарантый справядлівага суда, а не з'яўляліся вынікам ўказанняў выканаўчай улады.
На працягу 2015 года ў ПЦ "Вясна" паступалі звесткі пра тое, што ў дачыненні да асуджаных за ўчыненне злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў ўжываецца жорсткае абыходжанне. Сваякі асуджаных, якія аб'ядналіся ў ініцыятыву "Рух маці 328", паведамілі пра некалькі такіх выпадкаў:
“Дзмітрый Я. асуджаны ў кастрычніку 2015 гады па арт.328 на 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў ПУ ўзмоцненага рэжыму; у студзені прысуд уступіў у законную сілу. Ужо вядома, што ён будзе накіраваны ў ПК-22 "Воўчыя норы". Асуджаны з'яўляецца інвалідам, і яго захворванне адносіцца да тых, якія па законе дазваляюць хадайнічаць аб вызваленні ад пакарання па хваробе. Яго маці неаднаразова звярталася ў ДВП і ў суд: «ў ДВП наогул 7 разоў пісала пра гэта! Яны мне адказваюць: не мае захворванняў, якія перашкаджаюць адбыванне пакарання, ён бо не захварэў там, у яго ўжо цэлы букет. Ён ужо трапіў туды такім; мне ў ДВП сказаў Дарошка, хай калонія або СІЗА напішуць заяву на медыцынскі кансіліум; атрымліваецца, што ДВП не давярае і супярэчыць Медыцынскай рэабілітацыйнай экспертызе».
У асуджанага захавалася адна нырка, штучна створана сістэма мачавылучэння; ад пераездаў і ад пераносаў цяжкіх рэчаў у яго абвастрыўся хваравіты стан. Пры гэтым ён утрымліваўся ў агульнай камеры і быў вымушаны, каб не ствараць нязручнасці суседзям па камеры, абмяжоўваць сябе ва ўжыванні вадкасці, што яму наўпрост супрацьпаказана. Да ўступлення ў сілу прысуду прадстаўнікі адміністрацыі СІЗА настойліва прапаноўвалі яму папрасіцца датэрмінова на этап у калонію, Дзмітрый Я. адмаўляўся, заяўляючы, што не прызнае сваёй віны і не згодны з прысудам.
У пачатку студзеня 2016 года ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звярнулася прадстаўніца грамадскай ініцыятывы "Рух маці 328" Ларыса Жыгар, якая паведаміла аб факце суіцыду 5 студзеня 20-гадовага хлопца ў турме Жодзіна.
"Пратасеня Ягор Георгіевіч быў затрыманы супрацоўнікамі наркакантролю г. Салігорска ў красавіку 2015 года. Падчас затрымання над ім жорстка здзекаваліся гэтыя супрацоўнікі. З красавіка месяца ён выношваў план суіцыду, паведамляючы маці ў кожным лісце, што сваёю смерцю пакарае супрацоўнікаў наркакантролю. Цэнзура прапускала гэтыя лісты, не звяртаючы ніякай увагі на тэксты. 28 снежня Пратасеню быў вынесены прысуд - 14 гадоў пазбаўлення волі. На судзе ён агучыў маці, каб не падавала касацыйную скаргу, так як ён жыць не будзе. Я, як маці, таксама пісала яму ліст з просьбай спыніцца. Адказ яго я пасылаю Вам. І вось 5 студзеня хлопца дасталі з пятлі. Цяпер ён знаходзіцца ў Жодзінскай ЦБ, у аддзяленні рэанімацыі. Мне ўдалося звязацца з лекарам гэтага аддзялення, які паведаміў мне, што стан Ягора вельмі цяжкі, ён падлучаны да апарату і знаходзіцца ў коме. Я пішу гэта Вам, так як такое бязмежжа ўжо вельмі дастала ўсіх маці і жонак. Мы не маем намеру больш маўчаць і цярпець гэта. Вось як распараджаюцца лёсамі нашых блізкіх. Дэкрэт №6, а разам з ім і словы нашага кіраўніка дзяржавы: «каб сядзелі і смерці прасілі .." ўвасабляецца ў жыццё! Дапамажыце, падкажыце, куды звяртацца нам, маці і жонкам? Трэба, каб пакаранне панеслі і гэтыя вяршыцелі лёсаў людскіх! Думаю, вы адгукнецца на "крык душы" нашых маці. З павагай. Ларыса Аляксандраўна".
Праваабаронцы лічаць, што псіхалагічны надлом у Ягора Пратасені здарыўся пасля катаванняў і здзекаў падчас следства і ўтрымання яго пад вартай. Вось як ён піша пра гэту сітуацыю ў апошнім лісце да Ларысы Жыгар:
«Я лічу, што ў маёй сітуацыі самагубства вырашыць праблему самавольства, нялюдскасці і справядлівасці. Я пакіну запіску перад тым, як здзейсніць самагубства, у гэтай запісцы я растлумачу прычыну свайго ўчынку, а прычына мая заключаецца ў тым, што я не вытрымаў псіхалагічнага ціску, паколькі я часта міжволі згадваю пра тое, як мяне катавалі і я не магу даказаць, што мяне катавалі, таму што Упраўленне ўласнай бяспекі ігнаруе маю заяву ўжо каля 5 месяцаў. У заяве я ўказаў, што згодны даць паказанні на «паліграфе», каб даказаць, што мяне катавалі і даказаць праўдзівасць ўсіх тых метадаў катаванняў, якія да мяне ўжываліся. Мне не застаецца нічога іншага, як даказаць праўдзівасць сваіх слоў самагубствам. Пасля гэтага абавязкова пакараюць аддзел наркакантролю, які мяне катаваў, паколькі любы псіхолаг пацвердзіць, што ні адзін чалавек не пакончыць жыццё самагубствам проста так. Пасля таго як пакараюць гэты аддзел, іншыя аддзелы перастануць катаваць і прымяняць фізічную сілу да затрыманых, таму што будуць баяцца, што хто-небудзь зробіць тое самае, што і я ... Маё самагубства таксама дапаможа вашай групе дамагчыся агульнай вашай мэты: выкарыстанню ўмоўна-датэрміновага вызвалення, замене рэжыму, прымяненне амністыі, аслабіць частку 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса».
Лісты асуджанага траплялі да адрасата праз цэнзуру, аднак ніякіх своечасовых мер адміністрацыяй не зроблена.
У цяперашні час па факце таго, што адбылося Следчым камітэтам праводзіцца праверка.
Такім чынам, неправавая практыка дыскрымінацыі зняволеных па прыкмеце здзяйснення пэўнай катэгорыі злачынстваў, якая ўхаранілася, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству і міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека і мае патрэбу ў неадкладным выпраўленні.