viasna on patreon

Праваабаронцы "Вясны" патрабуюць неадкладна вызваліць калегу Інтыгама Аліева

2016 2016-02-19T12:57:10+0300 2016-02-19T14:19:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_for_intigam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Вясна" - у падтрымку Інтыгама Аліева

"Вясна" - у падтрымку Інтыгама Аліева

Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтра "Вясна" далучыліся да акцыі Amnesty International, накіраваўшы паслу Азербайджана ў Беларусі зварот у сувязі з пагаршэннем здароўя азербайджанскага вязня сумлення Інтыгама Аліева.

Абвясціўшы тэрміновую акцыю, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя заклікала сваіх прыхільнікаў накіроўваць у амбасаду Азербайджана звароты c патрабаваннем да ўладаў краіны аб неадкладным і безумоўным вызваленні праваабаронцы.

Паводле інфармацыі Amnesty International, стан здароўя Інтыгама Аліева значна пагоршыўся праз адсутнасць неабходнай медыцынскай дапамогі ў кюрдаханскім СІЗА, дзе ён утрымліваецца. Адміністрацыя гэтага СІЗА вядомая фактамі ціску на актывістаў грамадзянскай супольнасці. Так, былая вязніца сумлення Лэйла Юнус паведаміла, што падчас знаходжання пад вартай у СІЗА горада Кюрдаханы ёй пагражалі, а таксама падвяргалі пераследу і жорсткаму абыходжанню.

ПЦ "Вясна" сочыць за лёсамі Інтыгама Аліева і іншых азербайджанскіх калегаў з моманту іх арыштаў у 2014 годзе. Як адзначае кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі, можна праводзіць шэраг аналогій паміж Беларуссю і Азербайджанам - па сітуацыі з правамі чалавека, пераследу праваабаронцаў, і падчас яго зняволення Інтыгам Аліеў таксама выступаў у абарону беларускага вязня сумлення.

- Мы рэальна адчуваем гэтае падабенства аўтарытарных рэжымаў у нашых краінах, якія пераследуюць праваабаронцаў за іх дзейнасць. І трэба сказаць, што адно з абвінавачванняў, прад'яўленых Інтыгаму, ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, яно адзін да аднаго супадае з абвінавачваннем, якое было прад'яўлена мне ў 2011 годзе.
Інтыгам Аліеў - адзін з шэрагу азербайджанскіх праваабаронцаў, якія трапілі ў турму ў апошнія гады. Гэта ўказвае на тое, што сітуацыя, у якой там дзейнічаюць праваабарончыя арганізацыі і выбітныя праваабаронцы, проста крытычная. Нягледзячы на ​​стан здароўя гэтых людзей, іх утрымліваюць у турмах, што фактычна можна прыраўняць да катаванняў, паколькі ўмовы ўтрымання там дрэнныя. І нават калі іх выпускаюць з турмаў, то ў вельмі цяжкім стане.

Палічыўшы немагчымым заставацца ў баку ў такой сітуацыі, прадстаўнікі "Вясны" накіравалі адпаведны зварот паслу Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіяру Вагабзадэ.

- Мы выказваем салідарнасць з нашымі азербайджанскімі калегамі. І гэтым зваротам хочам маральна падтрымаць вязняў сумлення Азербайджана, а таксама звяртаемся да ўладаў краіны з адназначным патрабаваннем вызваліць нашых калегаў. Бо гэта нецывілізавана, непрадуктыўна, гэта тое, што выстаўляе азербайджанскія ўлады ў негатыўным святле.

24 лютага Вярхоўны суд Азербайджана павінен разглядаць скаргу Інтыгама Аліева на прысуд, у выніку чаго можа адмяніць рашэнні судоў ніжэйшай інстанцыі і фактычна адмяніць абвінаваўчы прысуд альбо вярнуць справу на паўторны разгляд. Як паведаміў Amnesty International сын вязня сумлення, улады аказваюць ціск на яго бацьку, прымушаючы падпісаць прызнанне, у якім таксама ўтрымліваецца просьба да прэзідэнта Азербайджана аб памілаванні. Інтыгам Аліеў адмаўляецца прызнаць віну насуперак патрабаванню, прадугледжанаму прашэннем аб памілаванні.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" таксама заклікае неабыякавых людзей з Беларусі і з усяго свету далучыцца да тэрміновай акцыі ў падтрымку вязня сумлення, праваабаронцы Інтыгама Аліева.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства