Салігорск: Іван Шыла прапанаваў пракуратуры ініцыяваць роспуск мясцовага Савета дэпутатаў
Салігорскі грамадскі актывіст Іван Шыла накіраваў у раённую пракуратуру скаргу на незаконную адмову старшыні мясцовага Савета дэпутатаў Лідзіі Клішэвіч ва ўнясенні на разгляд сесіі Савета праекта рашэння “Аб свабодзе сходаў”.
Сваё рашэнне спадарыня Клішэвіч абгрунтавала немэтазгоднасцю вынясення дадзенага пытання на разгляд прэзідыюма і сесіі Савета. Іван Шыла гэткае адзінаасобна прынятае старшынёй Савета рашэнне палічыў незаконным:
- Па-першае, я не прасіў разглядаць зварот. Я ўнёс у Салігорскі раённы Савет дэпутатаў пісьмовы праект рашэння па пытанні мясцовага значэння, і менавіта праект рашэння прасіў разгледзець на сесіі Савета ў адпаведнасці з законам “Аб мясцовым самакіраванні”. Па-другое, раней я не ўносіў ніякіх праектаў рашэнняў у Савет, а ў мясцовых сродках масавай інфармацыі публіцкацый аб разглядзе аналагічных праектаў не было. Але галоўнае, што ніякага самастойнага прыняцця рашэння старшынёй Савета ці нават прэзідыюмам па ўнесеных грамадзянамі праектах на сесію Савета дзеючым заканадаўствам не дапускаецца, - кажа грамадскі актывіст.
У сувязі з грубым парушэннем закона “Аб мясцовым самакіраванні” Іван Шыла звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем унесці прадугледжаную 4-ай главою артыкула 27 закона “Аб пракуратуры” прапанову аб роспуску Салігорскага раённага Савета дэпутатаў. Аналагічную скаргу з просьбай адрэагаваць на адзінаасобнае прыняццё незаконнага рашэння старшыёй Савета Лідзіяй Клішэвіч грамадскі актывіст накіраваў у Мінскі абласны Савет дэпутатаў.