У БНТУ ўдзел студэнтаў у масавых акцыях прыраўнялі да крымінальных злачынстваў (фота)
У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ) з’явіліся абвесткі-перасцярогі, якія заклікаюць студэнтаў не ўдзельнічаць у супрацьпраўных дзеяннях. Пры гэтым у спіс патрапілі і палітычныя артыкулы, як напрыклад, парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства ці пікетавання (арт. 23.34 КаАП).
Ва ўмовах, калі беларускія ўлады не дазваляюць практычна ўсе масавыя акцыі (акрамя, Дня Волі, Чарнобыльскага шляху і Дзядоў) любая грамадзянская актыўнасць грамадзян, у тым ліку і студэнтаў, з’яўляецца забароненай. Такім чынам, кіраўніцтва БНТУ фактычна папярэджвае студэнтаў аб недапушчальнасці абароны сваіх правоў і праяўлення салідарнасці з іншымі. Наколькі гэта суадносіцца з неабходнасцю дэмакратызацыі адукацыйнага працэсу і пашырэння правоў студэнтаў у межах Балонскага працэсу, а таксама стасуецца з «паляпшэннем» сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якое назіраюць у ЕС, рытарычнае пытанне.
Варта таксама адзначыць, што ў спісе правапарушэнняў артыкулы з Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях ідуць уперамежку з артыкуламі Крымінальнага кодэксу. Так, услед за артыкулам 23.34 КаАП аб масавых акцыях ідзе артыкул 430 КК (Атрыманне хабару). Відавочная мэта гэтага – увесці ў зман студэнтаў, прыраўняўшы адміністратыўныя правапарушэнні да крымінальных злачынстваў, і тым самым яшчэ больш адштурхнуць іх ад адстойвання грамадзянскіх і студэнцкіх правоў.